Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Да пачатку галасавання засталося:

Баранавічы: гарадская камісія рэкамендавала зняць партрэты Аляксандра Лукашэнкі на выбарчых участках

5 кастрычніка адбылося чарговае пасяджэнне Баранавіцкай гарадской тэрытарыяльнай выбарчай камісіі па пытанню падрыхтоўкі выбарчых участкаў для датэрміновага галасавання па выбарах прэзідэнта. ТВК не толькі пацвердзіла падрыхтаванасць выбарчых участкаў для галасавання, але і прапанавала зняць на іх партрэты Аляксандра Лукашэнкі.

Старшыня ТВК Тамара Шукала і яе намесніца Таццяна Карпік распавялі сябрам гарадской выбарчай камісіі і паказалі шмат фота, як усе 68 выбарчых участкаў абсталяваны ўсім неабходным і УК своечасова і дакладна падрыхтаваліся да датэрміновага галасавання, якое павінна распачацца 6 кастрычніка. Было адзначана, што на выбарчым участку № 22 (гімназія № 1) устаноўлена празрыстая скрыня для галасавання.

Сябра гарадской ТВК Віктар Сырыца адзначыў, што амаль на ўсіх выбарчых участках на сценах вісіць партрэт дзеючага прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, што, на яго думку, з’яўляецца скрытай агітацыяй і моцна ўплывае на выбар грамадзян пры галасаванні.

– Такая сітуацыя на выбарчых участках, калі відавочна перавага аддаецца дзеючаму прэзідэнту, ставіць іншых кандыдатаў у прэзідэнты ў няроўнае становішча. Таму я прапанаваў прыняць рашэнне і рэкамендаваць участковым камісіям зняць партрэты Аляксандра Лукашэнкі, – паведаміў Віктар Сырыца.

Старшыня ТВК Тамара Шукала адзначыла, што не трэба прымаць спецыяльнага рашэння па гэтым пытанні, бо 5 кастрычніка на ранішняй нарадзе кіраўнікоў УК ім была дадзена агульная рэкамендацыя зняць партрэты на ўвесь перыяд галасавання.

Усе сябры ТВК пагадзіліся з такой рэкамендацыяй.

Фота: пасяджэнне Баранавіцкай гарадской тэрытарыяльнай выбарчай камісіі 5 кастрычніка ў памяшканні гарвыканкама

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары