Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Да пачатку галасавання засталося:

Пракуратура правяла прафілактычную размову з дырэктарам першага рудніка "Беларуськалія", які збіраўся кантраляваць яўку на выбарах

Пракуратура Салігорскага раёна
Пракуратура Салігорскага раёна

“Праваабаронцаў за свабодныя выбары” атрымалі адказы на свае скаргі на дзеянні кіраўніцтва ААТ “Беларуськалій”, якое падчас працоўнага сходу патрабавала ад кіраўнікоў падраздзяленняў пракантраляваць яўку рабочых на прэзідэнскіх выбарах і было зафіксавана на відэа. Скаргі былі накіраваныя праваабаронцамі ў Пракуратуру Мінскай вобласці, пракуратуру Салігорскага раёна і Салігорскі раённы аддзел следчага камітэта Рэспублікі.

Пры гэтым Пракуратура Мінскай вобласці не стала разбірацца ў сітуацыі і перанакіравала скаргу ў Пракуратуру Салігорскага раёна, якая ў сваю чаргу праверку па фактах, апісаных у скарзе, правяла: апытала дырэктара 1РУ ААТ “Беларуськалій” Гарбачова А.С., выбарачна апытала ўдзельнікаў сходу 9 верасня 2015 года, у сетцы Інтэрнэт вывучыла відэазапіс выступу Гарбачова А.С., на які спасылаліся праваабаронцы.

“У сваім тлумачэнні Гарбачоў А.С. не аспрэчваў выступу на сходзе с выказваннямі, выкладзенымі ў вашым звароце, а таксама зафіксаванымі на відэавыяве ў сеціве Інтэрнэт, аднак паказаў, што мэтай выступу быў не прымус супрацоўнікаў да ўдзелу ў выбарах, а забяспячэнне магчымасці ўдзелу ўсіх працоўных у выбарах з улікам бесперапыннага рэжыму працы прадпрыемства”, - піша ў адказе пракурор Салігорскага раёна Аўдзей А.А. і прыходзіць да высновы, што аналіз ўсёй сабранай інфармацыі сведчыць пра адсутнасць у дзеяннях Гарбачова А.С. прыкметаў крымінальна-каральнай дзеі і адміністратыўнага правапарушэння.

“Разам з тым, у мэтах прадухілення магчымага парушэння канстытуцыйных правоў і свабодаў працоўных ААТ “Беларуськалій” з дырэктарам Гарбачовым А.С. была праведзена прафілактычная размова, падчас якой былі растлумачаны палажэнні артыкула 65 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусі і артыкула 5 Выбарчага кодэксу, а таксама прававыя наступствы іх невыканання”, - тлумачыцца ў адказе.

Намеснік старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч, які накіроўваў скаргі, кажа, што ўсцешаны тым, што хаця б нейкая праца пракуратурай была праведзена і адбылася прафілактычная размова з кіраўніком першага рудніка А. Гарбачовым. Але, з вынікамі праверкі праваабаронца не згодны:

“Я не думаю, што з тых словаў, якія казаў падчас выступу Гарбачоў вынікае, што ён вельмі клапаціўся пра магчымасці ўсіх працоўных удзельнічаць у выбарах, як тое пазначана ў адказе. З відэа выступу абсалютна зразумела пра што казаў кіраўнік першага рудніка: пра скаладанне спісаў тых, хто на выбары з’явіўся і не з’явіўся, пра перадачу гэтых звестак вышэйстаячаму кіраўніцтву і гэтак далей. Меры, якія былі прынятыя, недастатковыя. І пракуратура, у сваю чаргу, павінна была вынесці афіцыйнае пісьмовае папярэджанне пра недапушчальнасць уціску на супрацоўнікаў прадпрыемства падчас выбараў, каб Аляксандр Гарбачоў разумеў, што ў будычым за такія дзеянні ён можа быць прыцягнуты да крымінальнай адказнасці, тым больш, што ён з’яўляецца службовай асобай”, - адзначыў В. Стэфановіч.

А вось Салігорскі раённы аддзел следчага камітэта ўвогуле адпісаўся, што відэазварот А. Гарбачова да супрацоўнікаў прадпрыемства не ўтрымлівае прыкметаў крымінальна-каральнай дзеі і ў сувязі з гэтым праверка не праводзілася.

Нагадаем, 9 верасня на сходзе ААТ “Беларуськалій” Аляксандр Гарбачоў, які да таго ж ўзначальвае адну з участковых выбарчых камісій у Салігорску, пасля непрыхаванай агітацыі за дзеючую ўладу, груба парушаючы Выбарчы кодэкс, абвесціў усім прысутным кіраўнікам аб уласным кантролі за яўкай усіх падначаленых ім работнікаў на выбары.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары