Пракурор Глуска апублікаваў матэрыял ЦВК пад сваім прозвішчам. З памылкамі
Назіральнік БХК у Глускай раённай камісіі па выбарах прэзідэнта РБ Ігар Кірын атрымаў адказы з ЦВК на свае скаргі наконт скажэння выбарчага заканадаўства ў артыкуле пракурора Глускага раёна, змешчаным на інтэрнэт-сайце раённай газеты “Радзіма”, а таксама парушэнняў выбарчага заканадаўства гэтай дзяржаўнай газетай.
Ігар Кірын быў вымушаны звярнуцца ў ЦВК пасля таго, як 26 верасня намесніца старшыні Глускай раённай выбарчай камісіі Таццяна Глаз адмовілася прымаць яго зробленыя ў электронным выглядзе скаргі. Пасля гэтага назіральнік 27 верасня накіраваў гэтыя скаргі ў ЦВК на імя Лідзіі Ярмошынай.
У адказе на першую скаргу назіральніка Лідзія Ярмошына паведаміла Кірыну, што, згодна тлумачэнняў галоўнага рэдактара “Радзімы” І. Грамыка і пракурора Глускага раёна Л. Палевіча, у артыкуле пракурора “Аб выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь” сапраўды дапушчаны памылкі з-за таго, што пры выкарыстанні матэрыяла з сайта ЦВК у тэкст патрапілі нумары старонак. Зараз гэтыя недахопы выпраўлены.
Ігар Кірын адзначае, што сапраўды ўсе памылкі ў артыкуле пракурора Глускага раёна “Аб выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь” на інтэрнэт-сайце газета выпраўлены. Аднак назіральнік здзіўлены тым фактам, што Л. Палевіч падрыхтаваў артыкул у “Радзіму” за сваім подпісам, проста скапіраваўшы матэрыял з інтэрнэт-сайта ЦВК, пры гэтым нават не праверыў яго змест, і дадаў да яго толькі звесткі пра замежных (міжнародных) назіральнікаў, акрэдытаваных ЦВК. Назіральнік задаецца пытаннем, ці можна такія дзеянні пракурора Глускага раёна лічыць этычнымі?
У другой скарзе Ігар Кірын скардзіўся на парушэнне журналістамі “Радзімы” артыкула 46 Выбарчага кодэкса “Выкарыстанне сродкаў масавай інфармацыі ў перадвыбарчай кампаніі, пры правядзенні рэферэндума”. Згодна гэтага артыкула дзяржаўныя СМІ павінны забяспечваць роўныя магчымасці для перадвыбарчых выступаў кандыдатаў, правядзення агітацыі па выбарах. Па меркаванню назіральніка, у раённай газеце “Радзіма” назіраецца рэзкі ўхіл матэрыялаў на карысць аднаго кандыдата – дзеючага кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі, інфармацыі пра яго апанентаў на старонках “Радзімы” амаль няма.
У дасланым адказе з ЦВК Лідзія Ярмошына паведаміла назіральніку, што ЦВК вывучыла публікацыі ў глускай раённай газеце “Радзіма” і прыйшла да высновы, што яны асвятляюць дзейнасць Аляксандра Лукашэнкі яккіраўніка дзяржавы, а не кандыдата ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, і размяшчэнне такой інфармацыі з’яўляецца звычайнай дзейнасцю сродка масавай інфармацыі. Таму гэты зварот Ігара Кірына ў ЦВК прызнаны неабгрунтаваным.
У глускай раённай газеце “Радзіма” з моманту рэгістрацыі кадыдатаў у прэзідэнты РБ было апублікавана 9 матэрыялаў пра Аляксандра Лукашэнку і адзін матэрыял пра Сяргея Гайдукевіча. Пры гэтым ніводнага матэрыяла пра кандыдатаў у прэзідэнты РБ Мікалая Улаховіча і Таццяну Караткевіч за гэты час у “Радзіме” размешчана не было.