Упершыню ў гісторыі Глуск наведала кандыдат на пасаду прэзідэнта Беларусі (фота)
4 кастрычніка ў Глуску адбыўся перадвыбарчы пікет кандыдата ў прэзідэнты Таццяны Караткевіч. Упершыню ў гісторыі гэты гарадскі пасёлак на Магілёўшчыне наведаў кандыдат на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Пікет праходзіў у дазволеным рашэннем Глускага райвыканкама месцы каля стадыёна побач з будынкам мясцовага райваенкамата, ён пачаўся ў 14-15 і працягваўся каля гадзіны. Спачатку на сустрэчу з Таццянай Караткевіч прыйшло няшмат месцічаў, каля дзесяці чалавек, пазней іх колькасць павялічылася дзесьці да трыццаці. Кандыдат у прэзідэнты расказала глусчанам аб сваёй перадвыбарчай праграме і адказала на пытанні мясцовых жыхароў. Прысутным на сустрэчы былі раздадзены перадвыбарчыя ўлёткі кандыдата і газеты. Напрыканцы пікетавання ўсе жадаючыя змаглі сфатаграфавацца на памяць з кандыдатам на пасаду прэзідэнта.
Пікет Таццяны Караткевіч у Глуску праходзіў пад бел-чырвона-белым сцягам. На мерапрыемстве прысутнічалі старшыня Глускай раённай камісіі па выбарах прэзідэнта РБ, начальнік аддзела адукацыі мясцовага райвыканкама Аляксандр Бельскі і намеснік начальніка аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі райвыканкама Сяргей Слічонак.
Назіральнік БХК у Глускай раённай камісіі па выбарах прэзідэнта РБ Ігар Кірын, які прысутнічаў на пікеце, адзначае, што прысутнасць райвыканкамаўскіх чыноўнікаў стрымлівала мясцовых жыхароў, яны асцярагаліся задаваць кандыдату ў прэзідэнты вострыя пытанні наконт сітуацыі ў краіне.
Гэта ўжо не першае наведванне Таццянай Караткевіч Глуска падчас цяперашняй выбарчай кампаніі. 11 жніўня Таццяна Караткевіч праводзіла ў Глуску пікет па збору подпісаў у падтрымку свайго вылучэння кандыдатам у прэзідэнты РБ.
Да візіту Таццяны Караткевіч у Глуск свае перадвыбарчыя мерапрыемствы тут ладзілі толькі прыхільнікі кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Лукашэнкі, сустрэчы з выбаршчыкамі праводзілі яго давераныя асобы Канстанцін Пуціла і Уладзімір Даманеўскі.