Баранавічы: ад дазволенага пікета за свабодныя і дэмакратычныя выбары заяўнік адмовіўся з-за бязлюднага месца
Баранавіцкі грамадскі актывіст Рыгор Грык адмовіўся ад дазволенага гарвыканкамам пікета за свабодныя і дэмакратычныя выбары без прымусу і фальсіфікацыі, які ён хацеў правесці 4 кастрычніка. Ён планаваў нагадаць грамадзянам горада, што ніхто не мае права прымушаць людзей галасаваць датэрмінова, бо такія дзеянні з’яўляюцца незаконнымі і супярэчаць асноўнаму закону краіны і Выбарчаму кодэксу. Удзельнікі пікету хацелі заклікаць жыхароў горада не ісці галасаваць датэрмінова, а толькі ў дзень выбараў 11 кастрычніка.
– Я напісаў заяву ў гарвыканкам і адмовіўся ад заяўленага пікета 4 кастрычніка, таму што пікет дазволілі праводзіць толькі ў старым парку горада з боку вуліцы Міцкевіча, дзе, фактычна, няма людзей. Тут няма грамадскай прыбіральні, у гэтым месцы ніколі БРСМ ці “Белая Русь” не правялялі аніводнага мерапрыемства, а прадстаўнікам недзяржаўных грамадскіх арганізацый прапануюць тут праводзіць свае акцыі, – пракаментаваў грамадскі актывіст Рыгор Грык.
У сваёй заяве, Рыгор Грык просіць гарвыканкам вызначыць пастаянным месцам правядзення масавых мерапрыемстваў у Баранавічах, як было раней, малады парк з боку вуліцы Камсамольская.
Фота: стары парк Баранавічаў, тэрыторыя якога рашэннем гарвыканкама вызначана пастаянным месцам масавых мерапрыемстваў у горадзе.