Супраць Валерыя Міснікава, не ўключанага ва ўчастковую камісію, распачалі адміністрацыйную справу
Спадара Міснікава выклікалі ў РАУС Чыгункачнага раёну, дзе начальнік аддзелу аховы правапарадку і прафілактыкі маёр Аляксандар Рыбакоў апытаў яго па факце звароту ў пракуратуру. Падчас размовы, лічыць памочнік пракурора Сяргей Сініцкі, спадар Міснікаў яго абразіў.
Пракурор склаў рапарт, што Валерый Місьнікаў назваў яго «неадэкватам». Міліцыя распачала адміністрацыйную справу паводле артыкула 23.5 КаАП (абраза службовай асобы падчас выканання ёй службовых паўнамоцтваў). Паводле гэтага артыкула, вінаватаму пагражае штраф ад дваццаці да пяцідзесяці базавых велічынь.
10 верасня Валерый Міснікаў звяртаўся ў адмыслова створаную пры гарадской пракуратуры камісію па прававых пытаннях, звязаных з выбарамі. І ў яго адбылася гутарка з намеснікам пракурора Сяргеем Сініцкім. Паводле заявы Валерыя Міснікава, пададзенай у Віцебскую гарадскую пракуратуру, рашэннем адміністрацыі Першамайскага раёна г.Віцебска ад 26 жніўня 2015 г. яго ўключылі ў склад участковай камісіі №17. Аднак на першае пасяджэнне камісіі спадара Міснікава не запрасілі, і на сайце Віцебскага гарвыканкама ў спісе чальцоў камісій ён таксама не знайшоў свайго прозвішча.
Валерый Міснікаў прасіў пракуратуру высветліць, як такое магло адбыцца, і хто аддаў загад выключыць яго з камісіі ўжо пасля працэсу яе фармавання. Спачатку ён звяртаўся ў пракуратуру пісьмова, а потым прыйшоў на прыём асабіста і пакінуў запіс у кнізе заўваг і прапаноў, дзе папрасіў пракурора не зацягваць разгляд свайго звароту. Таксама ён звярнуўся да прадстаўніка камісіі, створанай пры гарадской пракуратуры для працы з прававымі пытаннямі па выбарах, аднак адказаў на свае пытанні не атрымаў.
Паводле спадара Міснікава, работнік пракуратуры задаваў яму недарэчныя пытанні, таму і было ўжыта слова "неадэкват". Аднак Валерый Міснікаў не лічыць, што абразіў службовую асобу. Падчас апытання ў міліцыі ён апеляваў да слоўнікавых тлумачэнняў словаў «адэкват» і «неадэкват», якія не лічацца абаразлівымі. Спадар Міснікаў цвердзіць, што не прыніжаў чалавечае годнасці работніка пракуратуры, выкарыстаўшы слова "неадэкват". І прапануе правесці лінгвістычную экспэртызу сваіх слоў – ці маюць яны непрыстойны або абразлівы змест.
Валерый Міснікаў падкрэслівае, што ягонае выключэнне з камісіі так і застаецца недаследваным па сутнасці фактам. І прэтэнзіі памочніка пракурора Сяргея Сініцкага, на ягоную думку, надуманыя. Між тым, выбарчая кампанія набліжаецца да завяршэння, а пракуратура так і не дала яму адказу, хто і навошта аддаў загад , каб выключыць яго са складу ўчастковай камісіі №17 Першамайскага раёну Віцебска.