Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Да пачатку галасавання засталося:

ЦВК – праваабаронцу: указанне месцаў працы сябраў камісій не прадугледжваецца законам

Праваабаронца Сяргей Гоўша атрымаў адказ за подпісам старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзіі Ярмошынай, у якім указваецца, што пералік абавязковых пры апублікаванні звестак аб участковых камісіях і іх членах з’яўляецца вычарпальным.

Нагадаем, што грамадскі актывіст прааналізаваў склад 7 выбарчых участковых камісій і прыйшоў да высновы, што камісіі сфармаваны па вытворчым прынцыпе, а сябры УВК не з’яўляюцца незалежнымі, паколькі знаходзяцца ў наўпроставым адміністрацыйным падпарадкаванні ад кіраўніцтваў прадпрыемстваў ці навучальных устаноў.

Сяргей Гоўша адзначаў у сваім лісце ў ЦВК, што немагчымасць даведацца пра месца працы сябраў камісій супярэчыць прынцыпам адкрытасці і галоснасці правядзення выбараў, а таксама не дае магчымасці вызначыць, ці выконваецца патрабаванне Выбарчага кодэкса, згодна з якім дзяржаўныя служачыя не могуць складаць больш за адну траціну складу камісіі. Месцы працы сябраў камісій не друкуюцца выканкамамі ў прэсе, на думку праваабаронцы, таму, што камісіі складзены з аднаго працоўнага калектыва. І гэта галоўны сакрэт, падкрэсліваў Сяргей Гоўша ў сваёй заяве, які хаваюць мясцовыя ўлады ад грамадскасці, бо тады адразу будзе відаць, што тут дзейнічае падыход “начальнік-падначаленыя”.

Старшыня ЦВК указала, што пералік абавязковых звестак аб камісіях і іх членах змешчаны ў частцы сёмай артыкула 34 Выбарчага кодэкса РБ, у адпаведнасці з якой павінны ўказвацца прозвішча, імя, імя па бацьку кожнага члена камісіі, спосаб вылучэння ў склад камісіі, месца знаходжання і нумары тэлефонаў камісіі. Гэты пералік з’яўляецца вычарпальным, і абнародавання іншай інфармацыі аб членах камісіі выбарчым заканадаўствам не прадугледжана.

ЦВК таксама інфармуе праваабаронцу, што ў склад участковай выбарчай камісіі могуць уваходзіць работнікі адной арганізацыі, калі яны вылучаны рознымі суб’ектамі.

– ЦВК адказаў па закону, але не па-сутнасці пастаўленых пытанняў. Думаю, што агучаныя мной праблемы на сёння вельмі балючыя для ўлады, і яны пакуль не спяшаюцца, каб выбары ў нас былі адкрытымі і галоснымі, – пракаментаваў Сяргей Гоўша.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары