Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Да пачатку галасавання засталося:

Бялыніцкая раёнка распавяла пра сустрэчу выбаршчыкаў з Таццянай Караткевіч нейтральна

Бялыніцкая раённая газета “Зара над Друцю” (№74 ад 30 верасня 2015 г.) змясціла на сваіх старонках матэрыял пра сустрэчу кандыдата ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Таццяны Караткевіч з выбаршчыкамі ў гарадскім пасёлку Бялынічы.

Матэрыял напісаны ў нейтральным стылі, Таццяна Караткевіч характэрызуецца як альтэрнатыўны кандыдат, які выступае за перамены, якія можна ажыццявіць мірным шляхам. У артыкуле падкрэсліваецца, што Таццяна Караткевіч, “звярнуўшыся да тых, хто прыйшоў з ёй на сустрэчу, якая праходзіла ў РЦК, выказала падзяку раённай камісіі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, мясцовай уладзе за садзейнічанне па правядзенні яе камандай перадвыбарнай агітацыі, прадастаўленне памяшкання з бялыніцкімі выбаршчыкамі”.

Таццяна Караткевіч наведвала Бялынічы 25 верасня і прыняла тут удзел у двух мерапрыемствах – правядзенні агітацыйнага пікету ў падтрымку сваёй кандыдатуры на пляцоўцы перад раённым Цэнтрам культуры, а пасля ў зале Цэнтра культуры адбылася сустрэча кандыдата ў прэзідэнты РБ Таццяны Караткевіч з выбаршчыкамі.

У сустрэчы ў Цэнтры культуры прыняло ўдзел каля сямідзесяці бялынічан. Таццяна Караткевіч падчас сустрэчы агучыла асноўныя палажэнні сваёй перадвыбарчай праграмы, крытыкавала сённяшнюю эканамічную сітуацыю, асабліва спыніўшыся на праблемах беспрацоўя, стане прамысловых прадпрыемстваў і сацыяльнай абароны насельніцтва. Пасля кандыдат у пэзідэнты адказала на пытанні выбаршчыкаў, выслухала іх прапановы. Прадстаўляла Таццяну Караткевіч выбаршчыкам старшыня Бялыніцкай раённай камісіі па выбарах прэзідэнта РБ, начальнік аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Бялыніцкага райвыканкама Ірына Фурсава. Удзел у сустрэчы прыняў і давераная асоба Таццяны Караткевіч бялыніцкі прадпрымальнік Алег Мяцеліца, які азнаёміў прысутных з біяграфіяй кандыдата ў прэзідэнты.

25 верасня Таццяна Караткевіч праводзіла перадвыбарчую сустрэчу з выбаршчыкамі і ў Шклове, аднак шклоўская раённая газета “Ударны фронт” ні водным словам не ўзгадала пра візіт кандыдата ў прэзідэнты РБ у Шклоўскі раён.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары