У Магілёве з’явіліся першыя ўлёткі ў падтрымку Таццяны Караткевіч
Актывісты кампаніі “Гавары праўду” распаўсюдзілі іх у мінулую суботу каля гандлёвых цэнтраў, размешчаных у Кастрычніцкім раёне Магілёва.
Распавядае давераная асоба кандыдата ў прэзідэнты Таццяны Караткевіч Сяргей Лапуцін:
- Мы распаўсюдзілі ўлёткі каля крамы №4, “Аганёк”, “Еўраопт” па вуліцы Астроўскага. На гэтых выходных у нашых планах расклеіць плакаты Таццяны Караткевіч па усім горадзе. У апошнія дні кампаніі плануем зрабіць раскідку агітацыйных улётак па скрынках выбаршчыкаў.
Са словаў Сяргея Лапуціна, пікетаў у падтрымку Таццяны Караткевіч у Магілёве пакуль не адбывалася.
Распаўсюд агітацыйных матэрыялаў у падтрымку іншых кандыдатаў у прэзідэнты ў абласным цэнтры не быў заўважаны.
У паштовых скрынках магілёўцы атрымалі толькі біяграфічныя звесткі кандыдатаў у прэзідэнты, а таксама запрашэнні прыйсці на выбары.
Праваабаронца Барыс Бухель лічыць, што ўзровень агітацыі ў параўнанні з мінулымі выбарчымі кампаніямі істотна знізіўся.
- У горадзе фактычна пра дзень выбараў сведчаць толькі афіцыйныя плакаты, якія запрашаюць прыняць удзел у галасаванні 11 кастрычніка. Іншай актыўнасці сярод кандыдатаў у прэзідэнты не заўважна. Мяркую, што на гэта паўплывалі змены ў заканадаўстве, у адпаведнасці з якімі кандыдаты самі мусяць фарміраваць свае перадвыбарчыя фонды. Пакуль мы бачым, што сфарміраваць свой фонд амаль па максімуму атрымалася толькі ў дзеючага прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, - гаворыць Барыс Бухель.