Гомель: назіральнікі звярнуліся ў ЦВК наконт распаўсюду агітацыйных матэрыялаў, выдадзеных з парушэннямі заканадаўства
Назіральнікі БХК Леанід Судаленка і Анатоль Паплаўны накіравалі заявы ў ЦВК і Гомельскую абласную выбарчую камісію аб распаўсюдзе ў Савецкім раёне Гомеля агітацыйных матэрыялаў, якія ўтрымліваюць прыкметы парушэння заканадаўства. 25 верасня жыхары Савецкага раёна атрымалі ў паштовыя скрынкі агітацыйныя матэрыялы кандыдатаў у прэзідэнты. Агітацыйныя ўлёткі, якія ўтрымліваюць біяграфічныя дадзеныя чатырох кандыдатаў, не адпавядаюць патрабаванням п. 10.5 Дапаможніка для членаў тэрытарыяльных камісій па выбарах прэзідэнта, зацверджанага пастановай ЦВК. Агітацыйныя матэрыялы павінны мець наступныя выпускныя дадзеныя: назву і адрас арганізацыі (ІП), якая стварыла друкаваныя матэрыялы, нумар і дату выдачы пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі стваральніка друкаваных выданняў, наклад і нумар замовы, прозвішча і ініцыялы таго, хто замовіў матэрыялы. Агітацыйныя матэрыялы павінны стварацца на тэрыторыі Беларусі. Распаўсюд ананімных агітацыйных друкаваных матэрыялаў забараняецца. Ва ўлётках, якія распаўсюджваюцца ў Савецкім раёне Гомеля, у якасці выходных дадзеных пазначана «РУП «БДП». Т. 4263 200 Зак. 1369».
«Лічым, што РУП «БДП» не з'яўляецца назвай і адрасам арганізацыі ці ІП. Т 4 263 200 больш адпавядае нумару тэлефона, чым накладу выпушчанай улёткі. Нумар і дата выдачы пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі ўлётак, а таксама прозвішча і ініцыялы таго, хто іх замовіў, наогул адсутнічаюць, адпаведна, немагчыма праверыць, з выкарыстаннем якіх сродкаў створаны дадзеныя агітацыйныя ўлёткі», - звяртаюць увагу назіральнікі.
Яны просіць ЦВК паведаміць: ці перадаваўся асобнік дадзеных ўлётак перад іх распаўсюдам у Цэнтральную камісію, як таго патрабуе заканадаўства, і просіць звярнуцца ў праваахоўныя органы з прадстаўленнем аб тым, каб яны спынілі незаконную агітацыйную дзейнасць, канфіскавалі незаконныя агітацыйныя матэрыялы і прыцягнулі вінаватых да адказнасці.