Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Да пачатку галасавання засталося:

Валянцін Стэфановіч: “Cістэмных зменаў у галіне правоў чалавека не назіраецца” (відэа)

Валянцін Стэфановіч
Валянцін Стэфановіч

Пад час канферэнцыі БДІПЧ АБСЕ па чалавечым вымярэнні ў Варшаве 28 верасня адбыўся сайд-івент з удзелам беларускіх грамадскіх арганізацый: Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацый,  Цэнтра прававой трансфармацыі Lawtrend, а таксама  кампаній "Праваабаронцы за свабодныя выбары" і  "Права выбару".

Пра агульны стан грамадзянскай супольнасці ў Беларусі і найбольш важныя праблемы ў гэтай галіне  прысутным нагадаў вядучы, палітолаг і юрыст  Юры Чавусаў.

Прадстаўніца Цэнтра прававой трансфармацыі Lawtrend Вольга Смалянка спынілася ў сваім выступе на апошніх найбольш істотных зменах ў заканадаўстве, якія закранаюць аспекты існавання грамадзянскай супольнасці. У першую чаргу маецца на ўвазе рэформа заканадаўства пра замежную бязвыплатную дапамогу.  

Каардынатар кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Валянцін Стэфановіч зрабіў акцэнт на агульны фон, на якім пачаліся сёлетнія прэзідэнцкія выбары, параўноўваючы іх  з выбарамі 2010 года. На думку праваабаронцы, яны падобныя тым, што ўлады дэманструюць больш мяккія падыходы па нейкіх візуальна бачных рэчах, кшталту збору подпісаў, магчымасці збору на вуліцах.

- Аднак, - адзначыў Стэфановіч, -  маюцца некалькі сур’ёзных і істотных адрозненняў. Першае: выбары 2015 года адбываюцца на фоне новай геапалітычнай сітуацыі, якая ўплывае на сітуацыю ў Беларусі, маю на увазе канфіліктную сітуацыю Расіі з  Украінай. Другое: пад час выбараў 2010 года “мяккія практыкі” альбо лібералізацыя, калі яе можна так назваць, пачыналася  значна раней, прыкладна ў 2008 годзе. І выбары 2010 года былі працягам гэтак званай першай хвалі лібералізацыі, якая раптоўна скончылася 19 снежня 2010 года. Сёлета ж выбары пачаліся на вельмі неспрыяльным фоне: палітвязні яшчэ знаходзіліся ў турмах, былі ўнесеныя змены ў заканадаўства аб СМІ, з’явілася магчымасць блакавання сайтаў, актывізавалася паляванне на журналістаў-фрылансераў. На фоне гэтых негатыўных з’яў пачаліся выбары, але толькі фактычна са жніўня ўлады сталі дэманстраваць “мяккія практыкі” – спыніўся пераслед журналістаў, у Мінску адбываюцца пікеты, якія не разганяюць, а толькі прыцягваюць да адказнасці арганізатараў, нават не затрымліваючы іх. Наколькі доўга гэта будзе працягвацца – ніхто не ведае і гарантый ніхто ніякіх не дасць. Рэальна,  сістэмных зменаў у галіне правоў чалавека мы не назіраем. Гэта і ёсць істотнае адрозненне выбараў 2015 года ад выбараў 2010.”

Валянцін Стэфановіч таксама спыніўся на пытаннях зменаў у выбарчае заканадаўства і на тым аспекце, што рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ не былі ўлічаныя, змены ў асноўным датычыліся забароны байкоту выбараў, а тыя сістэмныя праблемы, якія былі ў выбарчым працэсе ў Беларусі – засталіся не урэгуляванымі.

- Наш зварот да старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі аб урэгуляванні трох важных для назіральнікаў момантаў застаўся непачутым. Гэта тычылася  працэдуры падліку галасоў, а менавіта - каб падлік ажыццяўляўся адным сябрам камісіі з дэманстрацыяй кожнага бюллетэню астатнім прысутным, у тым ліку назіральнікам, затым гэта выдача пратаколу аб выніках галасавання назіральніку, заверанага пячаткай і подпісамі сябраў камісіі  і трэцяе, каб на сайце ЦВК была інфармацыя аб выніках выбараў з разбіўкай па кожнаму канкрэтнаму выбарчаму ўчастку па усёй краіне. Але, і заканадаўства, і практыка, застаюцца такімі як яны былі на папярэдніх выбарах. Вялікія этапы выбарчай кампаніі фактычна застаюцца закрытымі для назіральнікаў: гэта і працэдура праверкі подпісаў, сабраных для вылучэння кандыдатаў, гэта і датэрміновае галасаванне, гэта і адсутнасць дэталізацыі падліку галасоў у заканадаўстве, а таксама адсутнасць крытэрыяў па вылучэнні ў склады камісій і яшчэ шэраг праблемных момантаў”.

Сайд-івент завяршыўся выступам прадстаўнікоў кампаніі "Права выбару" Дзяніса Садоўскага і Ігара Барысава, з прадстаўленнем імі пазіцыі палітычнага назірання.

Нагадаем, 21 верасня ў Варшаве распачала працу найбуйнейшая штогадовая еўрапейская канферэнцыя па правах чалавека і дэмакратыі, арганізаваная БДІПЧ АБСЕ, якая завершыцца 2 кастрычніка.


Каментары