У Баранавічах адбылася дыскусія па пытанні абмежавання тэрмінаў прэзідэнцтва ў Беларусі
У межах партнёрства “Народны рэферэндум” у Баранавічах адбылася дыскусія грамадскасці, прысвечаная пытанню абмежавання тэрмінаў прэзідэнцтва ў Беларусі. У ёй прынялі удзел першы намеснік старшыні БСДП (Грамада), былы спікер Вярхоўнага Савета Мечыслаў Грыб, намеснікі старшыні Руху “За свабоду” Юрась Губарэвіч і Алесь Лагвінец.
Нагадаем, што адно з пытанняў у парадку дня “Народнага рэферэндуму” гучыць так: “Ці згодныя вы, што адна і тая ж асоба не можа займаць пасаду прэзідэнта больш за два тэрміны?”.
Мечаслаў Грыб расказаў пра цяжкасці і праблемы прыняцця Канстытуцыі 1994 года, а таксама пра асаблівасці ўвядзення дапаўненняў і зменаў у Канстытуцыю падчас рэферэндуму 1996 і 2004 гадоў. Ён падрабязна распавёў пра пачатак парламентарызму ў нашай краіне і адкат да аўтарытарнага праўлення, адказаў на шматлікія пытанні слухачоў. Палітолаг Алесь Лагвінец гаварыў пра еўрапейскі вопыт парламентарызму, узаемаадносіны заканадаўчай і выканаўчай улады, правы чалавека, асаблівасці цяперашняй прэзідэнцкай кампаніі. Ён асабліва падкрэсліў, што праблема абмежавання тэрмінаў прэзідэнцтва ў Беларусі становіцца цяпер ключавой дзеля пераменаў у нашай краіне.
Першы намеснік старшыні Руху “За свабоду” Юрась Губарэвіч падзякаваў прысутным за ўдзел у слуханнях і адзначыў, што дыскусія па гэтым пытанні паказала, што праблема абмежавання тэрмінаў прэзідэнцтва ў Беларусі сёння з’яўляецца адной з самых цівавых і папулярных ў “Народным рэферэндуме”.