Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Да пачатку галасавання засталося:

У Крычаве выбарчай кампаніі амаль нябачна

Назіральнік ад БХК у Крычаўскай раённай камісіі Сяргей Няроўны адзначае, што ў Крычаўскім раёне амаль нябачна таго, што ў краіне ідзе выбарчая кампанія.

Сяргей Няроўны кажа, што ў яго асабіста складваецца ўражанне, што ў Крычаве ідзе замоўчванне прэзідэнцкай кампаніі. Уся праца крычаўскай “вертыкалі” будзе накіраваная на забеспячэнне яўкі на гэтыя выбары, і чыноўнікі, як звычайна, забяспечаць яе з дапамогай адміністрацыйнага ціску.

Па словах назіральніка, пакуль у Крычаве адбылося толькі некалькі сустрэч з даверанай асобай кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Лукашэнкі -- дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Таццянай Кананчук. Таццяна Кананчук наведала Крычаў 22 верасня і правяла там сустрэчы з выбаршчыкамі ў мясцовым падраздзяленні Беларускай чыгункі, УКПП “Камунальнік”, раённым Цэнтры культуры і крычаўскай СШ №7. Вялікай цікавасці ў выбаршчыкаў гэтыя сустрэчы не выклікалі, уладам давялося “запрашаць” на іх людзей у загадным парадку праз кіраўніцтва арганізацый. Раённая газета “Крычаўскае жыццё” нават не размясціла на сваіх старонках ніякай інфармацыі пра сутрэчы Таццяны Кананчук з выбаршчыкамі, і з перадвыбарчых матэрыялаў крычаўская раёнка перыядычна толькі перадрукоўвае нейкую інфармацыю БелТА.

Ніякай актыўнасці з боку іншых кандыдатаў у прэзідэнты і іх давераных асоб у Крычаве наогул не назіраецца.

Участковыя камісіі ў Крычаўскім раёне ўжо пачалі сваю працу, з 26 верасня ў іх арганізавана дзяжурства, адзначае назіральнік. На гэтым тыдні ў паштовых скрынях выбаршчыкаў з’явіліся выдадзеныя Цэнтрвыбаркамам улёткі з інфармацыяй пра кандыдатаў у прэзідэнты РБ. На вуліцах жа Крычава нічога, акрамя інфармацыйных плакатаў аб тым, што 11 кастрычніка ў краіне адбудуцца прэзідэнцкія выбары, не нагадвае пра тое, што ў Беларусі перадвыбарчая кампанія знаходзіцца ў самым разгары.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары