У Магілёве на сустрэчу з Таццянай Караткевіч прыйшло каля 40 чалавек
У Магілёве 25 верасня адбылася сустрэча з кандыдатам у прэзідэнты ад кампаніі “Гавары праўду” Таццянай Караткевіч. На сутрэчу, якая адбывалася ў сярэдняй школе №41 у мікрараёне “Фаціна”, прыйшло каля 40 чалавек, пераважна грамадска-палітычных актывістаў горада.
Караткевіч прэзентавала пункты сваёй перадвыбарчай праграмы, а таксама адказала на пытанні сабраўшыхся.
- Прысутных было вельмі мала для такога мерапрыемства. Напрыклад, у тым жа Шклове на сустрэчу з Караткевіч прыйшло каля 70 чалавек. У зале школы было заўважана некалькі супрацоўнікаў спецслужбаў, якія сачылі за тым, як адбываецца сустрэчай. Гараджан турбавалі ў асноўным мясцовыя праблемы, - гаворыць праваабаронца Барыс Бухель.
Варта адзначыць, што напярэдадні сустрэчы з Таццянай Караткевіч абвесткі аб мерапрыемстве былі развешаны на тэрыторыі ўсяго раёна.
Гэта першая перадвыбарчая сустрэча кандыдата ў прэзідэнты, якая адбылася падчас агітацыйнай кампаніі ў Магілёве. У 2010 годдзе на сустрэчы з Андрэем Саннікавым у Магілёве было больш за 600 чалавек, а на сустрэчы з Уладзімірам Някляевым каля 300 гараджан.