У Гомелі на сустрэчу з даверанай асобай Лукашэнкі зноў здымалі студэнтаў і выкладчыкаў з заняткаў
У Гомелі ў памяшканні гатэля «Турыст» 25 верасня прайшла сустрэча з Сяргеем Бяспалым - даверанай асобай кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Лукашэнкі. Ён працуе галоўным рэдактарам газеты «Гомельская праўда». Сустрэча праходзіла з 13.00 да 14.00. Дзеля такога мерапрыемства з заняткаў былі знятыя старасты некаторых груп ГДУ ім. Ф. Скарыны, і нават група студэнтаў цалкам з матэматычнага факультэту ўніверсітэта. У ВНУ трэцяя пара доўжыцца з 12.05 да 13.40, і замест пары студэнты сядзелі на сустрэчы з даверанай асобай. Прычым прысутнічалі там і выкладчыкі.
«Гэта не агітацыя, а імітацыя. Хоць імітацыя і адпавядае ўсяму характару беларускіх выбараў. Я жыву тут побач – хоць бы нейкія абвесткі павесілі пра сустрэчу, нейкім чынам праінфармавалі людзей – выбарцаў, можа, хто і прыйшоў бы. А так знялі студэнтаў, выкладчыкаў арганізавана. Пікетаў па горадзе не відаць. З аднаго боку – цішыня, з другога боку – імітацыя агітацыі», - пракаментаваў назіральнік ад БХК Віктар Адзіночанка.
Нагадаем, 21 верасня ў 13.00 памяшканні СЭЗ «Гомель-Ратон» адбылася сустрэча старшыні Гомельскага аблвыканкама Уладзіміра Дворніка ў якасці даверанай асобы кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Лукашэнкі з рэктарамі, выкладчыкамі і студэнтамі мясцовых ВНУ. Па сведчаннях удзельнікаў сустрэчы, ужо ў 12.30 у зале былі занятыя ўсе месцы. Варта зазначыць, што ў 13.00 у ВНУ Гомеля поўным ходам ідзе навучальны працэс. Студэнты маюць як мінімум тры пары, якія ідуць да 13.40 – напрыклад, у ГДУ ім.Ф.Скарыны. Павінны ў гэты час працаваць ва ўніверсітэтах і выкладчыкі, і рэктарат.