У Гомелі прайшоў першы інфармацыйны пікет у падтрымку Таццяны Караткевіч (фота)
У Гомелі 24 верасня прайшоў першы інфармацыйны пікет у падтрымку кандыдата ў прэзідэнты Таццяны Караткевіч. Правялі яго Яўген і Азалія Годэры, якія ўжо шмат гадоў дабіваюцца праз суды справядлівасці і празрыстасці ў сферы будаўніцтва і продажу дамоў. Муж і жонка ўпэўнены, што мясцовыя чыноўнікі замешаныя ў карупцыі, і падымаюць гэтае пытанне на розных узроўнях на прыкладзе таго, як іх падманулі з квадратнымі метрамі пры будаўніцтве кватэры. На пікеце яны раздавалі інфармацыйныя матэрыялы ў падтрымку адзінай жанчыны-кандыдата, а таксама збіралі подпісы за адстаўку гомельскай улады.
Пляцоўка для правядзення агітацыйных пікетаў у цэнтры Гомеля вызначана не ў людным месцы – на «пятачку» каля стадыёна «Цэнтральны».
«Адным кандыдатам з вядомым прозвішчам ствараюцца ўсе ўмовы, а іншым вось так – у чыстым полі, як у нас, у пустыні. Хацелі правесці інфармацыйны пікет за Таццяну Караткевіч, але тут акрамя аднаго вераб'я, які сядзеў на дрэве, я ніводнага грамадзяніна Беларусі не бачыў. Я лічу што гэта робіцца для міжнародных назіральнікаў – маўляў, о якое добрае месца для пікету, тут ціха, спакойна, тут вас ніхто не пакрыўдзіць, нават аўтамабіль не праедзе і не будзе перашкаджаць. І людзей тут не сустрэць», - пракаментаваў пляцоўку Яўген Годэр.
Таксама сёння ён з жонкай правёў пікет каля гандлёвага дома «Рэчыцкі». Там удалося раздаць інфармацыйныя матэрыялы мінакам. Людзі выказваліся па-рознаму наконт выбараў. Так, адзін пенсіянер падтрымаў Аляксандра Лукашэнку, патлумачыўшы, што «ну ён у нас даўно, і чалавек ён харошы».
Двое мужчын сярэдняга ўзросту выказаліся ў падтрымку Таццяны Караткевіч. «Гэтую ўладу даўно час змяняць, бо чым далей у лес – тым тлусцейшыя партызаны. Калі б Лукашэнка адбыў, як чалавек, два тэрміны і сышоў – яму б зараз помнікі ставілі! А трэці тэрмін і чацвёрты – гэта перабор, так нельга», - адзначыў адзін з жыхароў Гомеля.
У Гомелі з пачатку агітацыі не заўважна пікетаў у падтрымку іншых кандыдатаў у прэзідэнты.