Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Да пачатку галасавання засталося:

Пракуратура не патлумачыла Валерыю Міснікаву, чаму яго выключылі з камісіі

Паводле заявы Валерыя Міснікава, пададзенай у Віцебскую гарадскую пракуратуру, рашэннем адміністрацыі Першамайскага раёна г.Віцебска ад 26 жніўня 2015 г. яго ўключылі ў склад участковай камісіі №17. Аднак свайго прозвішча сярод чальцоў камісіі ён не знайшоў.

На пасяджэнні прысутнічаў у якасці назіральніка ад ГПА "БХК" праваабаронца Павел Левінаў, які на свае вочы бачыў, як прагаласавалі за кандыдатуру Валерыя Міснікава ад Першамайскай раённай арганізацыі Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці.
Аднак на першае пасяджэнне камісіі спадара Міснікава ніхто не запрасіў, і на сайце Віцебскага гарвыканкама ў спісе чальцоў камісій ён таксама не знайшоў свайго прозвішча.
Адказаў на пытанні "Чаму так здарылася і паводле якой вызначанай законам працэдуры гэта адбылося?" Валеры Міснікаў чакаў ад пракуратуры. Аднак тэрміны, вызначаныя пісьмовага адказу, прайшлі, а рэакцыі з пракуратуры на сваю заяву віцебскі актывіст так і не атрымаў. 10 верасня ён асабіста прыйшоў у пракуратуру, пакінуў запіс у кнізе заўваг і прапаноў, дзе папрасіў пракурора не зацягваць разгляд свайго звароту, і звярнуўся да прадстаўніка камісіі, адмыслова створанай пры гарадской пракуратуры для працы з прававымі пытаннямі па выбарах

Пра вынікі звароту спадар Міснікаў распавёў сайту "Віцебская вясна":

"Мы вам адказ выслалі",- заявіў на выказаныя мною ў адрас пракуратуры прэтэнзіі чыноўнік, які прыняў мяне. Я кажу: "Ніякага адказу не было". Мы пачынаем з ім размаўляць. Тлумачу яму, што мяне цікавяць толькі два выказаныя мною пытанні. Аднак ён упарта не хоча мяне чуць і ўспрымаць… Працягвае задаваць нейкія дзіўныя пытанні: "А як вас партыя вылучала? А як гэта адбывалася?" Кажу: "Мяне гэта не цікавіць, гэта тэхнічныя пытанні партыі, я іх не аспрэчваю. Вы мне скажыце, чаму маё імя знікла са спісу?" Ён кажа: "Я выклічу міліцыю".

Дзяжурны міліцыянт не стаў падпрымаць нейкіх захадаў, каб затрымаць Валерыя Міснікава. А праз тры дні ён атрымаў адказ на свой запіс у кнізе скаргаў і прапаноў. Там было напісана, што 9 верасня гарадская пракуратура ўжо адказала яму на пытанні. Аднак спадар Міснікаў іх чамусці не атрымаў, і 14 верасня падаў скаргу ўжо на імя пракурора Віцебскай вобласці - каб ён змусіў гарадскую пракуратуру даць адказ на ягоны зварот.

"Але ніякага адказу з абласной пракуратуры дагэтуль я таксама не атрымаў.Што ж адбываецца? 9 дзён гарадская пракуратура нібыта разглядала маю заяву, але пры гэтым ані назіральнік ад БХК Павал Левінаў, ані іншыя сведкі, заяўленыя мною, апытаныя не былі. З пракуратуры адказваюць, што адказ мне дасылалі. Але як жа яны разглядалі маю заяву, калі яе не правяралі, калі не апытвалі сведкаў? Такім чынам, маё законнае права не адноўленае аж дагэтуль,” - абураецца В.Міснікаў.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары