У сустрэчы магілёўскіх дэмакратаў з выбаршчыкамі прынялі ўдзел каля 40 чалавек (фота)
Абмеркаваць сітуацыю напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у актавай зале сярэдняй школы №21 сабралася вечарам 23 кастрычніка каля 40 чалавек.
Арганізатарамі сустрэчы выступілі лідары мясцовых арганізацый Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады), Партыі БНФ, Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі, Свабоднага прафсаюзу Беларускага, Маладых дэмакратаў.
Ініцыятарам мерапрыемства стаў старшыня магілёўскай абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Уладзімір Шанцаў, які і прапанаваў магілёўскім дэмакратам сабрацца разам, каб абмеркаваць з гараджанамі кандыдатуры кандыдатаў у прэзідэнты. Напярэдадні сустрэчы на пад’ездах суседніх дамоў былі расклеены абвесткі з запрашэннямі, аднак іх пазрывалі невядомыя.
- Мы скарысталіся магчымасцю правядзення падобнага мерапрыемства ў адной з цэнтральных школ горада. У іншыя часы нам бы ніхто не даў падобнага дазволу, каб сустрэцца і абмеркаваць сітуацыю з прэзідэнцкімі выбарамі. Гэта першае падобнае мерапрыемства ў абласным цэнтры з пачатку выбарчай кампаніі, якая незаўважна для звычайных беларусаў, - гаворыць Уладзімір Шанцаў.
Галоўнымі тэмамі для дыскусій стала патанне магчымага размяшчэння расійскай ваеннай базы на тэрыторыі Беларусі, будаўніцтва атамнай станцыі, стан у эканоміцы, засілле ідэолагаў у дзяржаўных установах і прадпрыемствах, немагчымасць правесці ў Магілёве акцыі пратэста. Таксама адбылося абмеркаванне кандыдатаў у прэзідэнты.
Паводле Уладзіміра Шанцава, ні адзін з апанентаў Алякснадра Лукашэнкі не сабраў неабходныя для вылучэння 100 тысяч подпісаў, таму даверу да іх няма.
- У Калякіна і Лябедзькі хапіла смеласці заявіць пра тое, што яны не сабралі патрэбныя для іх вылучэння подпісы, бо сабраць іх у цяперашніх умовах нерэальна, - адзначыў палітык.
Напрыканцы сходу Уладзімір Шанцаў запрасіў усіх у Мінску на сход “За мірную і нейтральную Беларусь”, які мусіць адбыцца 4 кастрычніка.
Трэба адзначыць, што ні адна з прысутных апазіцыйных партый не ўдзельнічае ў выбарчай кампаніі таго ці іншага кандыдата ў прэзідэнты, а таксама не падтрымлівае нічые кандыдатуры. Некаторыя з дэмакратычных арганізацый абмежавалі свой удзел у цяперашніх выбарах толькі ўдзелам у назіранні за выбарамі.