Баранавічы: выбары незаўважныя
У Баранавічах выбарчая кампанія праходзіць вельмі ціха і амаль незаўважаная. У цэнтры і мікрараёнах горада зусім няма абвестак пра сустрэчы кандадытаў у прэзідэнты ці іх давераных асоб з выбаршчыкамі. Пераважна на вокнах адміністрацыйных будынкаў, крам, у памяшканнях навучальных устаноў, у файе прадпрыемстваў, як і раней, размешчаны толькі інфармацыйныя плакаты “Выбары-2015”.
– Я паведаміў у гарадскую тэрытарыяльную выбарчую камісію, што буду арганізоўваць пікеты з 23 па 27 верасня ў маладам парку горада. Але пакуль мы не атрымалі друкаванай і інфармацыйнай прадукцыю нашага кандыдата, таму і не праводзім пікетаў, – паведаміў Мікалай Чарнавус – прадстаўнік выбарчага штабу Таццяны Караткевіч у Баранавічах.
Афіцыйная газета Баранавіцкага гарвыканкама і райвыканкама “Наш край” надрукавала 23 верасня невялікі артыкул “Для выбаршчыкаў”, у якім паведамляецца пра сустрэчу даверанай асобы кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Лукашэнкі Таццяны Якубовіч з вабаршчыкамі ў зале ЖЭСа № 3 (вуліца Камуністычная, д.7а). За перыяд агітацыі ў Баранавічах гэта пакуль толькі адна сустрэча з выбаршчыкамі.
Якой-небудзь іншай інфармацыі пра перадвыбарчыя мерапрыемствы іншых кандыдатаў у прэзідэнты ў Баранавічах пакуль не было.
Фота: На інфармацыйных стэндах у самых масавых гарадскіх месцах пакуль няма аніякай агітацыйнай прадукцыі.