Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Да пачатку галасавання засталося:

Валянцін Стэфановіч: “Мы ўсе ведаем, чым завяршаюцца выбары ў Беларусі” (відэа)

Валянцін Стэфановіч у Еўрапарламенце.
Валянцін Стэфановіч у Еўрапарламенце.

У Камітэце па замежных справах Еўрапарламента 22 верасня прайшлі слуханні па сітуацыі ў Беларусі, у якіх прынялі ўдзел Дырэктар аддзела Еўрапейскага партнёрства службы знешняй палітыкі Гунар Віганд, спецыяльны дакладчык ААН па пытанні аб становішчы з правамі чалавека ў Беларусі Міклаш Харасці. На слуханнях падчас абмену думкамі выступіў намеснік старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч.
Беларускі праваабаронца ў сваім выступе закрануў шэраг актуальных пытанняў, падрабязна спыніўшыся на тэме прэзідэнцкіх выбараў у краіне.

Так, адмову ва ўдзеле ў тэледэбатах прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі Валянцін Стэфановіч пракаментаваў наступным чынам:

“Нейкіх іншых поглядаў на тэлебачанні няма, і асабліва гэта заўважна пад час выбарчай кампаніі.  Лукашэнку сапраўды не мае сэнсу ўдзельнічаць у дэбатах, паколькі яго і так кожны дзень паказваюць па  тэлебачанні, асвятляючы ягоную дзейнасць як кіраўніка дзяржавы. У сувязі з гэтым яму ня трэба прыкладаць асаблівых намаганняў для нейкай там агітацыі, ці ўдзелу ў дэбатах”

Валянцін Стэфановіч таксама выказаўся наконт агульнай ацэнкі выбарчага працэсу, спаслаўшыся пры гэтым на пазіцыю старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай:

“Што тычыцца ацэнкі выбараў, то тут я пагаджуся з тым, што ў сітуацыі, калі ў краіне няма публічнай палітыкі як такой, вельмі складана казаць пра выбары як сапраўды сістэму змены ўлады і магчымасці грамадзян выбіраць гэтую ўладу. Гэта хутчэй за ўсё падобна на працэдуры савецкага характару: калі ёсць адміністрацыйная працэдура, людзі ў ёй удзельнічаюць…

Як сказала нядаўна кіраўнік Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына, для её важны не вынік выбараў, а яўка на выбарах. Актыўны ўдзел выбарцаў і яўка для яе больш важныя чым сам вынік. Ну а вынік мы ўжо як быццам усе ведаем, ведаем чым завяршаюцца выбары. Старшыня ЦВК вельмі цікава сказала на гэтую тэму, што выбары ў Беларусі – як жыццё, маўляў, мы ж усё ведаем чым яно заканчваецца. Вось і мы ўсе ведаем, чым завяршаюцца выбары ў Беларусі. Тут складана з ёй не пагадзіцца”.

Спецдакладчык Міклаш Харасці выказаўся па пытанні нядаўняга вызвалення палітвязняў у Беларусі і адноснай, па ацэнках некаторых палітыкаў, лібералізацыі ў Беларусі.
«Гэтую мыльную оперу мы назіралі неаднойчы — вызваленне палітвязняў перад выбарамі. Таму я б раіў пачакаць з буйным крокам насустрач Менску, прынамсі, да выбараў, на якіх Аляксандр Лукашэнка стане ўласным пераемнікам, перадае словы Спецдакладчыка “Радыё Свабода”.
Мы ведаем вынікі гэтых выбараў — ведаем з прычыны нязменных законаў, нязменнага становішча з правамі чалавека, ў прыватнасці, нязменнага становішча з выбарчымі правамі. Такія выбары па азначэнні ня могуць быць свабоднымі і справядлівымі. І яны ніколі не былі свабоднымі і справядлівымі з таго часу, як прэзыдэнт Лукашэнка прыйшоў да ўлады», — падкрэсліў Міклаш Харасці.


Каментары