Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Да пачатку галасавання засталося:

Бялыніцкі райвыканкам палепшыў умовы для вядзення перадвыбарчай агітацыі

Бялыніцкі райвыканкам унёс змены ва ўласнае рашэнне №25-8 ад 4 верасня 2015 г. “Аб стварэнні ўмоў для правядзення перадвыбарчай агітацыі кандыдатаў у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь” і дазволіў кандыдатам у прэзідэнты РБ праводзіць масавыя мерапрыемствы не толькі ў Ліпавым гаі.

Згодна новага рашэння пад №26-1, для правядзення ў апавяшчальным парадку масавых мерапрыемстваў (сходаў па за памяшканнямі, пікетавання, мітынгаў), арганізуемых кандыдатамі на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і іх даверанымі асобамі, у Бялыніцкім раёне вызначана не толькі пляцоўка перад сцэнай у Ліпавым гаі, а таксама дадаткова і пляцоўка перад раённым Цэнтрам культуры, якая знаходзіцца ў цэнтры гарадскога пасёлка.

Палепшаны і ўмовы для правядзення сустрэч кандыдатаў на пасаду прэзідэнта і іх давераных асоб з выбаршчыкамі на тэрыторыі Бялыніцкага раёна ў памяшканнях. Акрамя памяшкання Цэнтра культуры, сельскіх дамоў культуры і клубаў у аграгарадках і вёсках раёна, зараз сустрэчы кандыдатаў і іх давераных асоб з выбаршчыкамі, а таксама перадвыбарчыя сходы, дазволена праводзіць у залах пасяджэнняў устаноў і арганізацый Бялыніцкага раёна.

Агітацыйныя матэрыялы кандыдаты ў прэзідэнты змогуць размяшчаць не толькі ў памяшканнях, дзе знаходзяцца ўчастковыя камісіі (да правяддзення датэрміновага галасавання), на інфармацыйных стэндах у памяшканнях адміністрацыйных будынкаў сельскіх Саветаў дэпутатаў, магазінаў, устаноў культуры і адукацыі, арганізацый раёна, як гэта было вызначана паводле папярэдняга райвыканкамаўскага рашэння. Зараз дадаткова дазволена размяшчаць агітацыйныя матэрыялы і на дошках аб’яў па г. п. Бялынічы.

Рашэнне №26-1 пра ўнясенне зменаў і дадаткаў ў папярэдняе райвыканкамаўскае рашэнне №25-8 апублікавана ў раённай газеце “Зара над Друццю” і змешчана на інтэрнэт-сайце Бялыніцкага РВК.

Давераная асоба Таццяны Караткевіч прадпрымальнік Алег Мяцеліца, які 22 верасня наведаў Бялыніцкую раённую выбарчую камісію з мэтай апавяшчэння аб правядзенні масавага мерапрыемства, адзначае, што ён апавясціў сяброў камісіі пра тое, што 25-га верасня ў Бялынічах пройдуць два мерапрыемствы ў падтрымку кандыдата ў прэзідэнты РБ Таццяны Караткевіч. З 12-00 да 13-00 будзе праведзены агітацыйны пікет на пляцоўцы перад раённым Цэнтрам культуры, а пасля ў зале Цэнтра культуры адбудзецца сустрэча кандыдата ў прэзідэнты РБ Таццяны Караткевіч з выбаршчыкамі. Па словах Алега Мяцеліцы, зараз умовы для агітацыі ў Бялынічах палепшыліся, і ёсць сэнс ладзіць пікетаванне каля будынка Цэнтра культуры. Рабіць яго ў Ліпавым гаі не мела ніякага сэнсу, бо людзі там практычна не ходзяць.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары