Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Да пачатку галасавання засталося:

Салігорск: сустрэча з Таццянай Караткевіч без эксцэсаў і ажыятажу

На выходных у беларускай сталіцы шахцёраў адбылася сустрэча выбаршчыкаў з кандыдатам на пасаду прэзідэнта Таццянай Караткевіч. Па словах мясцовых праваабаронцаў, мерапрыемства прайшло без эксцэсаў і перашкодаў з боку ўладаў, але вялікага ажыятажу ў горадзе не выклікала.

Прыезд кандыдаткі пачаўся з пікета пад бел-чырвона-белым сцягам у цэнтры Салігорску. Пасля адбылася сутрэча з грамадзянамі ў гарадскім Палацы культуры. Паслухаць Таццяну Караткевіч і яе каманду прыйшло некалькі дзясяткаў чалавек.

- Для традыцыйна пратэстнага Салігорску колькасць удзельнікаў сустрэчы была, шчыра кажучы, невялікай. З аднаго боку, не было бачна ў горадзе нейкіх абвестак і ўлётак гэтага кандыдату наконт сустрэчы. З іншага, нават на сайце выканкаму ў раздзеле “Выбары”, дзе ўлады абавязаны загаддзя інфармаваць пра такія падзеі, паведамленне аб сустрэчы з’явілася літаральна за некалькі гадзін да яе, - кажа незалежны назіральнік ад Беларускага Хельсінкскага Камітэту Леанід Мархотка. - Нейкіх прешкодаў ці ціску з боку ўладаў на ўдзельнікаў мерапрыемства мы не зафіксавалі. Ні міліцыянтаў у форме, ні людзей у цывільным з відэкамерамі, як гэта ў нас звычайна бывае падчас такіх падзеяў, не назіралася.

Адзначым, што Таццяна Караткевіч першай з усіх кандыдатаў наведала беларускую сталіцу шахцёраў. 30 верасня ў тым жа Палацы культуры чакаецца сустрэча з даверанай асобай Аляксандра Лукашэнкі Сямёнам Шапірам. Ці будуць астатнія ўдзельнікі перадвыбарчай гонкі ладзіць сустрэчу з салігорцамі і калі, дагэтуль невядома.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары