Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Да пачатку галасавання засталося:

Узброенае вока назіральніка – з ласкі выбарчай камісіі

Старшыня Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына адказала на зварот Руху “За Свабоду” датычна правоў назіральнікаў падчас прэзідэнцкай выбарчай кампаніі. З адказу вынікае, што яны будуць абмежаваныя ва ўжыванні відэа- і аўдызапісваючага абсталявання. Карыстацца імі будзе можна толькі з дазволу выбарчых камісій.

У сваім звароце Рух “За Свабоду”, які мае намер вылучыць больш як 200 назіральнікаў за правядзеннем прэзідэнцкіх выбараў, папрасіў Цэнтрвыбаркам удакладніць іх правы і магчымасці.

У прыватнасці, арганізацыю цікавіла “права назіральнікаў мець пры сабе і карыстацца фотаапаратурай, відэа- і аўдыёзапісваючай тэхнікай, а таксама аптычнымі прыстасаваннямі”.

Рух “За Свабоду” намагаўся высветліць, “ці атрымаюць назіральнікі такую магчымасць і ці будзе гэта рэгламентавацца якімі-небудзь афіцыйнымі дакументамі кшталту інструкцый Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў?”.

Таксама Цэнтравыбаркаму было адрасавана наступнае пытанне: “У выпадку наяўнасці права назіральнікаў на карыстанне ўзгаданым вышэй абсталяваннем ці будзе прадугледжана адказнасць за перашкоды з боку сябраў выбарчых камісій або супрацоўнікаў міліцыі, якія будуць занятыя на ахове правапарадку падчас галасавання?”.

“Аптычныя і відэапрыстасаванні прыдаліся б назіральнікам, бо часта іх саджаюць за стол, размешчаны вельмі далёка ад уласна працэсу галасавання і падліку галасоў. У такіх умовах няўзброеным вокам мала што можна пабачыць”, - пракаментаваў зварот у Цэнтрвыбаркам першы намеснік старшыні Руху “За Свабоду” Юрась Губарэвіч.

Аўдыё- і відэатэхніка, па ягоных словах, “дапамаглі б фіксаваць розныя спрэчныя моманты, у тым ліку звязаныя з выдаленнем назіральнікаў з выбарчага ўчастка нібыта за тое, што яны замінаюць працы выбарчых камісій”.

Апрача таго, выкарыстанне назіральнікамі відэакамер магло б замяніць на шэрагу выбарчых участкаў арганізацыю онлайн-трансляцыі з іх: “З такой ідэяй некаторы час таму выступіла кампанія назірання “Права выбару-2015”, але Цэнтрвыбаркам адмовіў у яе рэалізацыі. Назіральнікі маглі б ладзіць відэафіксацыю стану скрыняў для галасавання, каб была магчымасць схапіць за руку тых, хто ўкідвае бюлетэні ці маніпулюе з яўкай”.

Цэнтрвыбаркам у асобе яго старшыні Лідзіі Ярмошынай адказаў, што ў артыкуле 13 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь змешчаны вычарпальны пералік паўнамоцтваў асобаў, якія з’яўляюцца назіральнікамі: “Такім чынам, названыя Вамі дзеянні выходзяць за рамкі нарматыўных прадпісанняў вышэй названага артыкула, і задавальненне просьбы наглядальніка аб вядзенні фота- і відэаздымкі, а таксама аўдыёзапісу з’яўляецца правам, але не абавязкам выбарчай камісіі”.

Што тычыцца спецыяльных аптычных прыбораў, то “іх выкарыстанне для ажыццяўлення назірання на ўчастку для галасавання выбарчым заканадаўствам не прадугледжана”.


Каментары