Назіральнікі АБСЕ наведалі Смаргонь
Смаргонь наведалі даўгатэрміновыя назіральнікі за прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі з місіі АБСЕ Тэрэза Амбражова і Сяргей Ермакоў. Яны пабывалі у раённай камісіі па выбарах, а таксама сустрэліся з мясцовым даўгатэрміновым назіральнікам праваабаронцам Алесем Дзергачовым.
Як распавёў Алесь Дзергачоў, назіральнікі місіі вельмі заклапочаны дасягненнем адкрытасці і празрыстасці выбарчага працэсу, а таму мелі шмат пытанняў практычнага прымянення выбарчага заканадаўства, якія могуць узнікнуць паводле досведу папярэдніх выбараў. Таму ён патлумачыў некаторыя аспекты працэсу датэрміновага галасавання, падліку галасоў, працэсу перадачы выніковых пратаколаў з участковых камісій ў раённую і працэсу падсумоўвання там вынікаў.
Назіральнікі місіі АБСЕ заклапочаны тым, каб ім дазволілі ў дзень выбараў знаходзіцца каля сталоў, дзе вядзецца падлік галасоў на выбарчых участках так, каб бачыць змест кожнага бюлетэня. Па іх словах, зараз вядзецца ўзгадненне на адпаведным узроўні з мэтай атрымаць гарантыі такога назірання.