Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Да пачатку галасавання засталося:

У Глуску перадвыбарчую актыўнасць пакуль праяўляюць толькі прыхільнікі Аляксандра Лукашэнкі

Глускі раён з візітам наведаў генеральны дырэктар РУП “Магілёўэнерга” Канстанцін Пуціла, які з’яўляецца даверанай асобай кандыдата ў прэзідэнты РБ Аляксандра Лукашэнкі. На працягу двух дзён 14 і 15 верасня Канстанцін Пуціла ў якасці даверанай асобы дзеючага кіраўніка краіны сустракаўся з выбаршчыкамі ў Глускім раёне, паведаміла раённая газета “Радзіма”.

У прыватнасці, Пуціла правёў сустрэчы ў Глуску, Заеліцы і Катке – з працаўнікамі электрасетак, бальніцы, лясгаса, камунгаса, гімназіі, Заеліцкай школы, сельгаспрадпрыемстваў “Слаўгарадскі” і “Зара”, а таксама з кіраўнікамі прыватных прадпрыемстваў і індывідуальнымі прадпрымальнікамі.

Назіральнік ад БХК у Глускай раённай выбарчай камісіі Ігар Кірын кажа, што ніякіх папярэдніх абвестак пра сустрэчы даверанай асобы Аляксандра Лукашэнкі з выбаршчыкамі не было ні ў газеце “Радзіма”, ні на інтэрнэт-сайце Глускага райвыканкама. У газеце “Радзіма” (№72 ад 11.09.2015 г.) была толькі апублікаваная абвестка пра тое, што 14 верасня генеральны дырэктар РУП “Магілёўэнерга” Канстанцін Іванавіч Пуціла правядзе ў мясцовым райвыканкаме асабісты прыём грамадзян. Тым не менш пазней высветлілася, што генеральны дырэтар “Магілёўэнерга” правёў шматлікія сустрэчы з выбаршчыкамі ў Глускім раёне ўжо як давераная асоба кандыдата Аляксандра Лукашэнкі.

Ігар Кірын адзначае, што глускае раённая газета “Радзіма” таксама асноўную ўвагу надае асвятленню дзейнасці толькі аднаго кандыдата ў прэзідэнты РБ – Лукашэнкі. Пасля рэгістрацыі кандыдатаў у прэзідэнты 10 верасня пра дзеючага кіраўніка краіны ў “Радзіме” з’явілася ўжо чатыры артыкулы. Была таксама надрукавана нататка па матэрыялам БелТА “Беларусі не патрэбны ўзрушэнні”, у якой паведамлялася пра выступ на тэлеканале “Беларусь-1” 15 верасня кандыдата ў прэзідэнты Сяргея Гайдукевіча. Пры гэтым ні адной публікацыі пра кандыдатаў Таццяну Караткевіч і Мікалая Улаховіча ў “Радзіме” так і не з’явілася. Назіральнік лічыць, што дадзены факт сведчаць пра парушэнне артыкула 46 Выбарчага кодэкса “Выкарыстанне сродкаў масавай інфармацыі ў перадвыбарчай кампаніі, пры правядзенні рэферэндума”, які прадугледжвае, што дзяржаўныя СМІ павінны забяспечваць роўныя магчымасці для перадвыбарчых выступленняў кандыдатаў, правядзення агітацыі па выбарах.

Па словах Ігара Кірына, у Глуску пакуль нябачна ніякай агітацыйнай прадукцыі кандыдатаў у прзідэнты нават у трох выдзеленых для гэтага на ўвесь горад месцах. Стэнд каля магазіна “Родны кут” некранута чысты, на стэндзе каля дзіцячага садка №4 вісіць плакат з абвесткай пра выбары 11 кастрычніка 2015 г., які ёсць у вітрынах амаль кожнай крамы. Такі ж плакат вісіць на стэндзе ў парку, але там побач з ім яшчэ размешчана абвестка пра прыём грамадзян, які 23 верасня будзе праводзіць у раённай пракуратуры пракурор Магілёўскай вобласці Аляксандр Чадзюк. Незразумела толькі, якія адносіны пракурорскі прыём мае да прэзідэнцкіх выбараў…

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары