Віцебская пракуратура высвятляе, ці бралі ў людзей распіскі "галасаваць за Лукашэнку"
Інфармацыя пра тое, што ў бацькоў вучняў віцебскай сярэдняй школы №38 бралі распіскі з абяцаннем галасаваць на будучых выбарах за Аляксандра Лукашэнку, з'явілася на сайце аргкамітэта па стварэнні партыі БХД. Таццяну Севярынец, чые словы цытаваліся ў артыкуле, выклікалі ў абласную пракуратуру.
Таццяна Севярынец распавяла, што пра распіскі яна пачула ад жанчыны, калі актывісты БХД збіралі подпісы за паляпшэнне медыцынскага абслугоўвання:
"Мне так і распавялі, што ў школе №38 у бацькоў на сходзе бралі распіскі, каб яны галасавалі за Аляксандра Лукашэнку. Я добра памятаю гэта, бо адразу звярнула ўвагу на тэрміны: мне распавядалі пра гэта 8 або 9 верасня – яшчэ да рэгістрацыі кандыдатаў. Таму я пачала прыслухоўвацца да таго, што людзі распавядаюць пра падрыхтоўку да выбараў. Бацькі вучняў школы №12, прыкладам, расказалі, што іх агітавалі галасаваць за Аляксандра Лукашэнку таксама яшчэ задоўга да пачатку агітацыйнай кампаніі. Пра ўсё гэта я паведаміла пракурору Марыне Запрудскай, якая брала ў мяне тумачэнні адносна артыкула пра распіскі на сайце".
У пракуратуру з просьбай правесці праверку звярнулася абласная выбарчая камісія. Бо туды паступіла паведамленне ад старшыні ўпраўлення адукацыі Віцебскага абласнога выканкама Івана Шчурка, які спасылаўся на скаргі дырэктараў дзвюх віцебскіх школ, згаданых у артыкулах на сайце http://bchd.info. У адным з артыкулаў апавядалася пра распіскі, а ў другім – пра датэрміновую агітацыю і прымус удзельнічаць у выбарах.
"Я распавяла толькі тое, што чула на ўласныя вушы. І гэта, з аднаго боку, добра – што пракуратура праводзіць праверку. Можа, пасля гэтага кіраўнікі навучальных установаў будуць асцерагацца ад незаконных дзеянняў. Бо ў Віцебску падчас ранейшых выбарчых кампаній фіксаваліся выпадкі, калі на працягу тэрміну датэрміновага галасавання арганізоўваліся бацькоўскія сходы, людзям загадвалі прыйсці з пашпартамі і фактычна заганялі на выбарчыя ўчасткі. Кепска, калі цяпер парушэнняў стала яшчэ больш. З другога боку, будзе нядобра, калі гэтыя артыкулы пра віцебскія школы нанясуць нейкую шкоду нашаму сайту", - гаворыць Таццяна Севярынец.
Яна адзначае, што папярэдні досвед дазваляе ёй прыняць на веру словы жыхароў Віцебску і пра распіскі ў школах, і пра настойлівую агітацыю бацькоў. Бо парушэнні такога плану былі і раней, і цяпер: пракладам, нядаўна ў інтэрнэце з'явіліся звесткі пра тое, што студэнтам Полацкага універсітэту пагражаюць вымовамі, калі яны не прыйдуць галасаваць.