Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Да пачатку галасавання засталося:

Сямён Шапіра на сустрэчы з выбаршчыкамі ў Слуцку: “Цяпер пачынаю разумець, чаму пры партыі пытанні загадзя распісвалі”

Сямён Шапіра на сустрэчы з выбаршчыкамі ў Слуцку. Фота ctv.by
Сямён Шапіра на сустрэчы з выбаршчыкамі ў Слуцку. Фота ctv.by

Увечары 14 верасня у слуцкім гарадскім Доме культуры адбылася сустрэча выбаршчыкаў з даверанай асобай Аляксандра Лукашэнкі, кіраўніком Мінскага аблвыканкаму Сямёнам Шапірам, якая фактычна пераўтварылася ў селектарную нараду чыноўніка са сваімі падначаленымі.

- На маёй памяці гэта хіба першая сустрэча хаця б якой даверанай асобы Лукашэнкі з выбаршчыкамі ў Слуцку за ўвесь час існавання гэтага палітычнага рэжыму. Цікава, што большасць прысутных ведалі адзін аднаго. Прыходзілі групамі са сваім “старэйшым” начале, якія ледзь не загадавлі, у якой частцы залы кожнай групе трэба займаць месца. Сам кіраўнік вобласці прывітаў удзельнікаў зваротам “калегі”, - распавядае прысутны на сустрэчы назіральнік ад Беларускага Хельсінкскага Камітэту Віталь Амяльковіч.

Пасля невялікай агульнай прамовы Сямён Шапіра звярнуўся да прысутных з просьбай задаваць пытанні. У зале ў гэты момант запанавала мёртвая цішыня, недзе пачаўся смех. Чыноўнік узгадаў савецкія гады, калі нават на такіх сустрэчах задаваліся хоць нейкія загаддзя падрыхтаваныя пытанні.

- Падчас адказу дырэктарцы вясковай школы Шапіра прызнаўся, што ў гэты дзень ужо сустракаўся з калектывам Слуцкага мясакамбіната. Пытанне, як даверанай асобе Аляксандра Лукашэнкі ў свой працоўны час і ў працоўны час работнікаў прадпрыемстваў удаецца ладзіць перадвыбарчыя сустрэчы, можна аднесці да разраду рытарычных, - каментуе словы чыноўніка прадстаўнік БХК.

Далей Сямён Шапіра распавёў пра будаўніцтва трасы Мінск-Мікшэвічы. Выявілася, што да кіраўніка краіны ён звяртаецца “Таварыш Прэзідэнт”. Пасля ў зале зноў запанавала цішыня. “Вось калі людзі прыходзяць і не задаюць пытанні, пачынаю разумець, што дырэктары прадпрыемстваў, відаць, сказалі “Ідзіце!”, так? Бо калі ў чалавека ёсць праблема, ён сам прыходзіць,” - разумеючы прымусовы характар сустрэчы адказаў сам сабе Сямён Шапіра.

Настаўнік слуцкай гімназіі папрасіў да святкавання ў наступным годзе 900-х угодкаў Слуцка надаць гораду статус культурнай сталіцы Беларусі. Чыноўнік апеляваў да малой колькасці музеяў: “Тры музеі ў Слуцку, так?” У зале ўзнікла лёгкая паніка. Ніхто не можа адказаць. “Яшчэ не падлічыў?” - удакладаніў Сямён Шапіра ў старшыні Слуцкага райвыканкаму. На просьбу аб усталяванні помніку Анастасіі Слуцкай кіраўнік Мінаблвыканкаму адрэагаваў фразай пра ненайлепшыя часы ў эканоміцы.

Ізноў цішыня. “Якія яшчэ пытанні? Ну што, будзем разыходзіцца?... Цяпер пачынаю разумець чаму пры партыіі пытанні загаддзя распісвалі,” - іранізуе давераная асоба дзеючага кіраўніка краіны і просіць задаваць новыя пытанні.

“Я нядаўна быў у вашай паліклініцы, заўважыў шмат чэргаў... Паборы ў школах з бацькоў... Ёсць прадпрымествы, дзе затрымліваюць заробкі… Няўжо гэтыя пытанні не хвалююць? Ці з гэтых прадпрыемстваў не запрасілі людзей, не пусьцілі сюды? Калі ласка, я чакаю любых пытанняў, - сам падказвае тэмы для абмеркавання кіраўнік вобласці. Па-ранейшаму цішыня ў зале. - Няма пытанняў? Я чакаў, што будзе шмат пытанняў, вострых пытанняў”.

“Работнікі цукровага завода тут ёсць? - пытае Шапіра. У адказ цішыня. - Што ўсе супрацоўнікі выканкаму?” Цікавіцца, ці ёсць у зале працаўнікі завода аўтапад’ёмнага абсталявання. Устаюць дырэктар, яго намеснік, галоўны інжынер і юрыст. Галоўны чыноўнік Мінскай вобласці спрабуе даведацца, дзе працаўнікі з цэху. Дырэктар тлумачыць, што калі пазванілі і сказалі забяспечыць прысутнасць, дык не патулмачылі, кім менавіта. Сямён Шапіра выказвае незадаволенасць падобнай паказухай.

“Дзе Эмальпосуд? Ёсць Эмальпосуд? Дзе дырэктар?” - запытвае давераная асоба кандыдата і кажа, што замест патэльняў на прадпрыемстве вырабляюць каналізацыйныя люкі. Рэпліка з залы тлумачыць прычыну гэткага “беларускага эканамічнага цуду”: “Цыганы здымаюць люкі на металалом, вось яны і карыстаюцца попытам”. Шапіра зноўку шукае прадстаўнікоў пралетарыяту: “Скажыце, тут прадстаўнікі працоўнага класу ёсць у зале, няма?” Перанакіноўвае позірк на старшыню Слуцкагка райвыканкаму Янчэўскага. Той адфутбольвае пытанне сваёй намесніцы па ідэалагічнай працы: “Ларыса Генадзьеўна, ёсць?” У апошняй на твары чытаецца паніка.

У выніку Сямён Шапіра заяўляе аб намеры наведаць Слуцк яшчэ раз: “Вы ведаеце, я яшчэ адзін раз прыеду ў Слуцк, і вы мне запросіце тых людзей, якія будуць задаваць пытанні, а я буду адказваць. Гульня мне не падабаецца. Калі вы так і на прадпрыемствах працуеце, таварышы начальнікі, то гэта не здорава. Глядзіце, каб людзе нам у твар не плюнулі калі-небудзь.”

Пасля адказаў на некалькі дробных пытанняў, праслухоўвання падзякаў пенсіянераў Лукашэнку і просьбаў “каб ён яшчэ доўга-доўга правіў”, Сямён Шапіра пачынае згадаваць ліхія 90-я і нечкана заяўляе, што злачыннасць - атрыбутыка дзяржавы. Затым давераная асоба кандыдата ад улады скатваецца ў прапаганду. Згадваецца Плошча 2010 года, заклікі на яе Уладзіміра Някляева, праводзіцца паралель з падзеямі ва Украіне.

На чарговую просьбу кіраўніка вобласці задаваць пытанні зала нечакана адказвае бурнымі апладысментамі. Недвухсэнсоўны намёк прысутных аб неабходнасці скончыць сустрэчу Сямён Шапіра не ўхваляе, зноўку абяцае прыехаць у Слуцк яшчэ раз і забараніць уваход на новую сустрэчу начальнікам. Пасля адразу ўзніклага пытання намесніка дырэктра былога калгасу, а цяпер кааператыву, пра сельскую гаспадарку, Шапіра распавядае пра надоі. На агучаную праблему ачысткі ракі Случ давераная асоба Алксандра Лукашэнкі выдае: “У нас сімптом савецкай улады: прыехаў барын - ён павенен дапамагчы.”

Завяршыў сустрэчу  з выбарцамі Сямён Шапіра нечакана шчыра і адкрыта: “Я разумею, сёння размова ў нас прымусовая нейкая… Многія прыйшлі сюды, таму што папрасілі.... Я яшчэ раз прыеду, будзе спякотна… Не будзем пераўтвараць нашы сустрэчы ў гэткую дзіцячую гульню: маўляў, прыйдзіце, паслухайце што там скажуць… Каб мне самому не было сорамна за такія сустрэчы.”

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары