Незалежныя назіральнікі распрацавалі мабільную прыладу для збору інфармацыі ад выбаршчыкаў – “Вочы”
“Вочы” – мабільная прылада пад Android, распрацаваная ў супрацоўніцтве незалежнымі ініцыятывамі па назіранні за выбарамі ў Беларусі: еlectby.org, “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, “Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка” і “Права выбару”.
Прылада дапаможа пашырыць веды грамадзянаў Беларусі аб выбарчым працэсе ў цэлым, у даступнай форме распавесці ім аб выбарчых правах. І самая галоўная функцыя прылады – магчымасць для выбаршчыкаў раскрываць парушэнні, якія можна ўбачыць на выбарчых участках, ананімна паведамляючы дадзеную інфармацыю назіральнікам. Прылада дазваляе перадаць ня толькі тэкставае апісанне таго, што здарылася, але і фота/відэа ці аўдыёматэрыялы, а таксама аператыўна падзяліцца дадзенай інфармацыяй у сацсетках.
Акрамя таго, “Вочы” практычна не збіраюць інфармацыю аб карыстальніках, акрамя iх месцазнаходжання падчас інфармавання аб парушэнні і тэхнічных характарыстык іх тэлефона. Нават калі карыстальнік добраахвотна прадастаўляе сваю кантактную інфармацыю назіральнікам для зваротнай сувязі, дадзеная інфармацыя не раскрываецца і не перадаецца трэцім асобам.
Інфармацыя аб парушэннях, дасланая карыстальнікамі прылады, будзе адлюстравана на анлайн-мапе electby.org і можа быць выкарыстана існуючымі місіямі па назіранні для ацэнкі таго, наколькі сумленнымі, свабоднымі і справядлівымі былі выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Стваральнікі заклікаюць усіх актыўных грамадзянаў скарыстацца дадзеным інструментам і дапамагчы назіральнікам зрабіць выбары-2015 празрыстымі!
Спампаваць прыладу “Вочы” бясплатна можна з Google Play Store.
Калі ў вас няма тэлефона з АС Android, але вы б хацелі паведаміць аб парушэнні, можна запоўніць форму адваротнай сувязі, альбо даслаць паведамленне па электроннай пошце: electbyorg@gmail.com.