Магілёў: шосты дзень агітацыйнай кампаніі -- без агітацыі
Дагэтуль, па звестках магілёўскіх праваабаронцаў, у горадзе не было заўважана ні аднаго агітацыйнага пікета, распаўсюду агітацыйных матэрыялаў па паштовых скрынках, сустрэч з кандыдатамі ў прэзідэнты.
Сітуацыю каментуе праваабаронца Барыс Бухель:
- Назіраем за выбарчай кампаніяй і, як аказваецца, пакуль няма за чым назіраць – усе каманды кандыдатаў у прэзідэнты незаўважныя, нібы і выбараў у краіне няма.
Яшчэ адзін праваабаронца Аляксей Колчын таксама гаворыць, што ні разу за шэсць дзён агітацыі не бачыў ні пікета, ні распаўсюду агітацыйных матэрылаў:
- Ціха як з боку апанентаў Лукашэнкі, так і з боку яго прыхільнікаў. Звычайна каманда Лукашэнкі праяўляе ініцыятыву толькі тады, калі бачыць альтэрнатыву на вуліцах свайму кандыдату. Пакуль гэтай альтэрнатывы няма – адпаведна няма і актыўнасці з іхняга боку.
Давераная асоба кандыдата ў прэзідэнты Таццяны Караткевіч Сяргей Лапуцін гаворыць, што пакуль ніякіх агітацыйных мерапрыемстваў іх каманда ў Магілёве не праводзіла:
- Я накіраваў уведамленні ў выканкамы на правядзенне пікетаў, аднак іх пакуль не выстаўлялі, бо пакуль няма агітацыйных матэрыялаў, якія можна раздаваць людзям. Адпаведна, распаўсюду матэрыялаў няма і па паштовых скрынках. Сустрэча з Таццянай Караткевіч плануецца ў Магілёве 23 верасня. Тэлефанаваў па прадпрыемствах і арганізацыях горада, каб арганізаваць сустрэчы з працоўнымі калектывамі, аднак пакуль ні аднаго дазволу не атрымаў – там спасылаюцца на занятасць і просяць ператэлефанаваць праз пару дзён.
Актывіст Ліберальна-дэмакратычнай партыі Дзмітрый Яўстратаў кажа, што вялікай актыўнасці па агітацыі за Сяргея Гайдукевіча іх партыя не плануе:
- З таго, што я ведаю – пікеты выстаўляцца не будуць. Наконт распаўсюду ўлётак ці іншай друкаванай прадукцыі, сказаць дакладна не магу – трэба ўдакладніць. Але вы ж зразумейце, што наш кандыдат у прэзідэнты -- гэта ўжо досыць вядомы чалавек, які не першы раз удзельнічае ў выбарах, і ў якога свая мэта ўдзелу ў кампаніі.
Трэба адзначыць, што з прадстаўнікамі каманды кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Улаховіча ў Магілёве звязацца не атрамалася. Са словаў праваабаронцы Барыса Бухеля, іх каманда ў горадзе амаль незаўважная. Падчас збору подпісаў яны здолелі сабраць у абласным цэнтры ўсяго каля 1000 подпісаў, таму чакаць ад іх актыўнай агітацыі не вымагае.
Нагадаем, што агітацыйная кампанія ў падтрымку кандыдатаў у прэзідэнты стартавала 11 верасня і будзе цягнуцца цягам месяца і скончыцца за дзень да выбараў, 10 кастрычніка. Выбары прызначаны на 11 кастрычніка.