У Глуску ўмовы для перадвыбарчай агітацыі кандыдатаў пакідаюць жадаць лепшага
11 верасня на інтэрнэт-сайце Глускага райвыканкама нарэшце з’явіліся рашэнні №21-14, №21-15, №21-16, якімі вызначаюцца ўмовы для перадвыбарчай агітацыі ў Глуску.
Згодна райвыканкамаўскіх рашэнняў, для правядзення масавых мерапрыемстваў у Глуску для кандыдатаў і іх давераных асоб адведзена адно месца – гарадскі стадыён. Сустрэцца з выбаршчыкамі кандыдаты ў прэзідэнты ў Глуску таксама могуць у адзіным месцы – кінатэатры “Арыён”.
Таксама паклапаціўся Глускі райвыканкам і пра размяшчэнне кандыдатамі друкаванай агітацыйнай прадукцыі – у горадзе вызначаны цэлых тры (!) месцы, дзе выбаршчыкі змогуць азнаёміцца з агітацыйнымі матэрыяламі кандыдатаў у прэзідэнты РБ. Гэта адмысловыя стэнды па вуліцы Кірава каля гарадскога парка і каля магазіна “Родны кут”, а таксама стэнд каля ДУА “Яслі-сад №4” па вуліцы Гагарына.
У рашэннях Глускага райвыканкама пазначана, што ўмовы для перадвыбарчай агітацыі на тэрыторыі сельскіх населеных пунктаў раёна будуць вызначаць старшыні сельскіх выканаўчых камітэтаў.
Назіральнік БХК у Глускай раённай камісіі па выбарах прэзідэнта РБ Ігар Кірын кажа, што ў Глуску створаны далёка не лепшыя ўмовы для перадвыбарчай агітацыі. Ігар Кірын адзначае, што, як і ў 2006 г. і 2010 г., для правядзення масавых мерапрыемстваў кандыдатамі і іх даверанымі асобамі вызначана адзінае месца - гарадскі стадыён, дзе бывае не так шмат людзей. Умовы значна пагоршыліся ў параўнанні з перыядам збору подпісаў за вылучэнне кандыдатаў, калі для пікетаванняў было нашмат больш месцаў.
Таксама выклікае вялікі сумнеў, ці хопіць на ўвесь Глуск трох інфармацыйных стэндаў невялікіх памераў, каб выбаршчыкі горада змаглі азнаёміцца з кандыдатамі ў прэзідэнты і іх перадвыбарчымі праграмамі.
У якасці станоўчага факту назіральнік адзначае тое, што вызначанае для правядзення сустрэч з выбаршчыкамі і перадвыбарчых сходаў памяшканне кінатэатра “Арыён” у Глуску мае больш вялікую ўмяшчальнасць, чым памяшканне раённага Дома культуры, якое вызначалася для сустрэч з выбаршчыкамі падчас прэзідэнцкіх выбараў у 2006 і 2010 гг.