У Гродне пашырылі колькасць месцаў для агітацыі
Рашэнне Гродзенскага гарвыканкаму ад 9 верасня 2015 года “Аб інфармаванні выбаршчыкаў і перадвыбарчай агітацыі” надрукавана ў дзяржаўнай абласной газеце “Гродзенская праўда”. Гродзенскі гарвыканкам па ўзгадненні з Ленінскай і Кастрычніцкай раённымі камісіямі вызначыў месцы для правядзення ва ўведамляльным парадку масавых мерапрыемстваў – вулічных сходаў, пікетаў і іншых, якія могуць арганізоўваць кандыдаты ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь. Гарвыканкам вызначыў 8 такіх месцаў у Ленінскім раёне. З іх толькі адно месца можна лічыць людным і прыдатным для агітацыі – гэта тэрыторыя, якая прылягае да моладзевага цэнтру “Гродна” па вуліцы Савецкай. Сем іншых месцаў зусім малалюдныя – гэта далёкі ад цэнтру Каложскі парк, стадыёны каля сярэдніх школаў, гімназій і медыцынскага каледжа.
Не лепш сітуацыя выглядае і ў Кастрычніцкім раёне гораду. Там вызначаны 11 месцаў, але ўсе яны малалюдныя – спартовыя пляцоўкі каля школаў і гімназій, сквер па вуліцы Леваўзбярэжная, што над Нёманам. Спачатку на паседжаннях Ленінскай і Кастрычніцкай ТВК было прапанавана і ўзгоднена агулам толькі 5 месцаў – адпаведна раёнам два і тры. І хоць пазней іх пашырылі да 19, знарок былі выбраны зусім неадпаведныя месцы для агітацыі.
Вызначаны таксама памяшканні для правядзення сустрэч з выбаршчыкамі, а таксама перадвыбарчых сходаў. У Ленінскім раёне 8 такіх месцаў, у Кастрычніцкім – 11. Дадаткам да Рашэння Гродзенскага гарвыканкаму вызначаны і месцы для размяшчэння агітацыйных друкаваных матэрыялаў – у Ленінскім раёне гэта 25 тумбаў, у Кастрычніцкім – 15.