Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Да пачатку галасавання засталося:

Бабруйск: месцаў для агітацыі стала болей

У параўнанні з мінулымі прэзідэнцкімі выбарамі, у Бабруйску паболела месцаў, адведзеных для правядзення агітацыі.

Раней у Ленінскім раёне для правядзення вулічных сходаў, мітынгаў, пікетаванняў, якія арганізуюцца кандыдатамі і іх даверанымі асобамі, была вызначана толькі адкрытая пляцоўка дзіцячай спартовай школы. Зараз для сустрэч з выбаршчыкамі на свежым паветры ёсць два месцы: спорткомплекс "Дзіцяча-юнацкай спартовай школы "Белшына" на Урыцкага-76а (знаходзіцца на ўскрайку) і стадыён імя Пракапенка на вуліцы Інтэрнацыянальнай (да яго даволі зручна дабрацца). У абодвух выпадках для агітацыі адведзены адкрытыя пляцоўкі, прылеглыя да футбольнага поля.

Памяшканняў для правядзення сустрэч кандыдатаў, іх давераных асоб з выбаршчыкамі, а таксама для перадвыбарчых сходаў, якія арганізуюцца выбаршчыкамі, чатыры. Гэта актавая зала Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі на Чангарскай-79б, глядацкая зала Цэнтра культуры і вольнага часу Ленінскага раёну на завулку Пяшчаным-22, глядацкая зала дома культуры УП "Універсал Бабруйск" на вуліцы К.Маркса-30, актавая зала дзіцячай школы мастацтваў №1 імя Цікоцкага на К.Маркса-65. На мінулых выбарах для гэтых мэтаў былі вызначаны толькі першыя два памяшканні, якія знаходзяцца не ў самых зручных раёнах. Але ў гэтым годзе сітуацыю ратуе дзіцячая школа мастацтваў, яна знаходзіцца побач з цэнтральным рынкам.

Для размяшчэння агітацыйных друкаваных матэрыялаў вызначылі інфармацыйныя стэнды, размешчаныя на тэрыторыі ўчасткаў для галасавання ў месцах, якія найбольш наведваюцца грамадзянамі. Таксама пад друкаваныя матэрыялы дадаткова адвялі інфармацыйныя стэнды ЖЭУ Ленінскага раёну - №1, №2, №4, №5, №7, №13.

Прадстаўнікі кандыдатаў могуць паспрабаваць дамовіцца з кіраўнікамі прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў на размяшчэнне агітацыйных матэрыялаў і правядзенне сустрэч у актавых залах.

У Першамайскім раёне для правядзення сустрэч кандыдатаў і іх давераных асоб з выбаршчыкамі вызначана пяць памяшканняў. На мінулых прэзідэнцкіх выбарах іх было ўсяго два. Зараз гэта актавая зала Бабруйскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі на Мінскай-100, актавая зала дзіцячай школы мастацтваў №2 імя Алоўнікава на Ульянаўскай-35а, чытацкая зала бібліятэкі №4 імя Мікуліча на праспекце Будаўнікоў 56-1, выставачная зала Палаца мастацтваў на Ульянаўскай 35/31, актавая зала Камбіната жалезабетонных вырабаў на Арджанікідзэ-54. Таксама камандам кандыдатаў прапануецца самастойна дамаўляцца наконт актавых залаў з кіраўнікамі прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў.

На мінулых выбарах пад вулічныя сходы ў Першамайскім раёне была вызначана толькі адна пляцоўка, зараз іх чатыры. Гэта тэрыторыя спортбазы ФК "Белшына" на Ульянаўскай-94а, асфальтаваная пляцоўка паміж домам 66 і Свята-Срэцінскім храмам па вуліцы Ульянаўскай, асфальтаваная пляцоўка дзіцяча-юнацкай спартшколы №6 на Заходняй-12, асфальтаваная пляцоўка перад адміністрацыйным будынкам Камбіната жалезабетонных вырабаў. Пляцовак нібыта шмат, але зручная ў плане транспарту толькі прылеглая да Свята-Срэцінскага храму. Таксама выклікае пытанні, чаму не вызначылі ні адной пляцоўкі, зручнай для жыхароў 5-га, 6-га і 7-га мікрараёнаў, яны шматлюдныя і найбольш аддаленыя ад цэнтра горада.

Для друкаваных матэрыялаў вызначылі інфармацыйныя стэнды на ўчастках для галасавання, інфармацыйныя шчыты каля ЖЭУ па вуліцы Арлоўскага-27, Гарэліка-4, Ракасоўскага-78, Лынькова-12, Арджанікідзэ-42, бульвары Прыбярэзінскім-21, 50 год ВЛКСМ-19. Таксама для гэтых мэтаў можна будзе выкарыстоўваць рэкламныя шчыты на скрыжаванні Батава і Будаўнікоў, канцавым прыпынку аўтобуса №18 (6-ы мікрараён), прыпыначны пункт на скрыжаванні Ульянаўскай і Арджанікідзэ, прыпыначны пункт па вуліцы Ракасоўскага (аўтакааператыў) і прыпыначны пункт "Кісялевічы".

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары