Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Да пачатку галасавання засталося:

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”: Улады скарыстоўваюць выбарачны падыход у выбарчай кампаніі

Валянцін Стэфановіч і Алег Гулак падчас прэс-канферэнцыі
Валянцін Стэфановіч і Алег Гулак падчас прэс-канферэнцыі

11 верасня ў офісе ПЦ “Вясна” адбыласяпрэс-канферэнцыя кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” з нагоды завяршэння трох важных этапаў арганізацыйных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў, якія фактычна складаюць палову выбарчай кампаніі.

Гэтыя тры этапы ўключалі фарміраванне тэрытарыяльных выбарчых камісій, фарміраванне участковых выбарчых камісій і збор подпісаў выбаршчыкаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь.

Праваабаронцы звярнулі ўвагу, што на правядзенне выбарчай кампаніі безумоўна ўплываюць і значныя змены геапалітычнай сітуацыі ў рэгіёне, выкліканыя украінска-расійскім канфліктам і пагаршэннем сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў Беларусі. Сама выбарчая кампанія, на думку прадстаўнікоў ініцыятывы, вельмі нагадвае выбары 2010 года, толькі за тым выключэннем, што часовая лібералізацыя ў гэтым годзе пачалася пазней і была звязаная з такімі падзеямі, як вызваленне 6 палітвязняў, а таксама фігурантаў па “справе графіцістаў” ды вяртанне ў Беларусь экс-кандыдата ў прэзідэнты на выбарах 2010 года Алеся Міхалевіча.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары” адзначылі, што безумоўна вітаюць гэтыя захады ўладаў Беларусі. Аднак заўважылі, што толькі сістэмныя крокі па паляпшэнні сітуацыі з правамі чалавека ў краіне змогуць паспрыяць усталяванню клімату даверу ў беларускім грамадстве, што з’яўляецца важным чыннікам правядзення свабодных і справядлівых выбараў.

Намеснік кіраўніка Праваабарончага цэнтра “Вясна” Валянцін Стэфановіч звярнуў увагу на працэс фарміравання выбарчых камісій і выкарыстанне “выбарачнага” падыходу, пры іх фармаванні:

“Працэс фарміравання тэрытарыяльных і участковых выбарчых камісій не прадэманстраваў відавочнага прагрэсу ў параўнанні з папярэднямі выбарамі: спісы камісій у большасьці зацвярджаліся фармальна, без рэальнага абмеркавання кандыдатур. Ніякіх крытэраў уключэння ў склад камісіі ў заканадаўстве як не было, так і няма. Што прыводзіць да выбарачнага падыходу пры фарміраванні камісій і нівелюе нормы выбарчага кодэкса, якія дазваляюць абскарджваць неўключэнне ў склад камісіі ў судовым парадку.

Усе скаргі, якія з гэтай нагоды падаваліся ў суды не былі задаволеныя і не маглі быць задаволеныя, бо адсутнічаюць самі крытэры. Як і раней, арганізатарамі выбараў у Беларусі з’яўляюцца прадстаўнікі пяці найбуйнейшых праўрадавых грамадскіх аб’яднанняў і прафсаюз – БРСМ, РГА «Белая Русь», «Беларускае грамадскае аб’яднанне ветэранаў», «Беларускі саюз жанчын» і «Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі»”.

Прадстаўнікі гэтых арганізацый сумарна складаюць 38,8 % ад агульнай колькасці сяброў ТВК і 35,6% ад агульнай колькасці сяброў УВК. У той жа час прадстаўнікі апазіцыйных партый практычна не ўключаны ў склад выбарчых камісій: толькі 6 % ад вылучаных у УВК (0,046 % ад усіх сяброў УВК) і 15,8 % ад вылучаных у ТВК (0,5 % ад усіх сяброў ТВК).

Праваабаронцы адзначылі, што не зафіксавалі з боку ўладаў істотных абмежаванняў пры зборы подпісаў выбаршчыкаў сябрамі ініцыятыўных груп кандыдатаў. У той жа час назіральнікі кампаніі зафіксавалі шматлікія выпадкі выкарыстання адміністратыўнага рэсурсу пры зборы подпісаў за вылучэнне дзеючага кіраўніка дзяржавы: збор подпісаў у працоўны час на тэрыторыі прадпрыемстваў пры непасрэдным удзеле прадстаўнікоў адміністраці, збор подпісаў не сябрамі ініцыятыўнай групы, а пабочнымі асобамі.

Працэдура праверкі подпісаў фактычна закрытая для назірання. Гэта не дае магчымасьці давяраць вынікам рэгістрацыі кандадатаў у прэзідэнты. Выклікае вялікі сумнеў і працэс праверкі камісіямі подпісаў за вылучэнне кандыдатаў. Карыстаючыся сістэмай выбаркі часткі подпісаў – не магчыма з упэўненасццю сцвярджаць сапраўднасць ці не сапраўднасць іншых. Тут важным момантам з’яўляецца тое, наколькі выбарка гэтых падпісных лістоў з подпісамі будзе насамрэч выпадковай выбаркай. Немагчыма адсачыць празрыстасць гэтых маніпуляцый. Пры гэтым нашыя назіральнікі ні разу не былі дапушчаныя на працэдуру адбору подпісаў для праверкі.

Рэкамендацыі АБСЕ па паляпшэнні выбарчага заканадаўства, зробленыя па выніках назірання за папярэднімі выбарчымі кампаніямі, так і не былі ўлічаныя. Таксама ЦВК не пагадзілася з прапановамі РПГА «Беларускі Хельсінкскі камітэт» па павышэнні празрыстасці выбараў: аб урэгуляванні працэдуры падліку бюлетэняў, выдачы назіральнікам копіі выніковага пратакола, замацаванага подпісамі членаў камісіі і пячаткай, а таксама размяшчэнні на сайце ЦВК інфармацыі аб выніках выбараў па ўсёй краіне з разбіўкай па кожным участку”, – распавёў старшыня РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт” Алег Гулак.

Прадстаўнікі кампаніі таксама паведамілі, што вітаюць рашэнне ўладаў Беларусі запрасіць для ажыццяўлення міжнароднага назірання за выбарамі місіі АБСЕ, ПАСЕ, СНД, аднак са шкадаваннем адзначаюць фактычную адмову запрасіць у Беларусь прадстаўнікоў Еўрапейскай сеткі арганізацый па назіранні за выбарамі (ENEMO).

Нагадаем, назіранне за выбарамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца актывістамі РПГА «Беларускі Хельсінкскі камітэт» і ПЦ «Вясна» ў межах кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары». Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі прызначаны на 11 кастрычніка. Паводле беларускага заканадаўства, у краіне выбары адбываюцца на працягу шасці дзён: пяць дзён даецца на датэрміновае галасаванне і адзін дзень з’яўляецца асноўным днём выбараў. У выбарчай гонцы працягваюць свой удзел чатыры кандыдаты ў прэзідэнты – Аляксандр Лукашэнка, Мікалай Улаховіч, Сяргей Гайдукевіч і Таццяна Караткевіч.

«Праваабаронцы за свабодныя выбары»


Каментары