У Быхаве райвыканкам прыняў ліберальнае рашэнне аб стварэнні ўмоў для перадвыбарчый агітацыі
11 верасня на інтэрнэт-сайце Быхаўскага райвыканкама з’явіўся шэраг рашэнняў, у якіх вызначаюцца ўмовы для правядзення перадвыбарчай агітацыі кандыдатамі ў прэзідэнты РБ і іх даверанымі асобамі на тэрыторыі Быхаўскага раёна.
У прынятых 9 верасня рашэннях №44-1, №44-2 і №44-3 Быхаўскі райвыканкам вызначаў памяшканні для сустрэч кандыдатаў у прэзідэнты і іх давераных асобаў з выбаршчыкамі, і для правядзення перадвыбарчых сходаў выбаршчыкаў; назваў месцы для размяшчэння друкаваных агітацыйных матэрыялаў на тэрыторыі ўчасткаў для галасавання; вызначыў пляцоўкі для правядзення ў паведамляльным парадку масавых мерапрыемстваў на тэрыторыі Быхаўскага раёна.
Неабходна адзначыць, што, згодна рашэнняў райвыканкама, у Быхаве створаны дастаткова ліберальныя ўмовы для вядзення перадвыбарчай агітацыі кандыдатамі на пасаду прэзідэнта РБ і іх прыхільнікамі. Для правядзення сустрэч кандыдатаў і іх давераных асобаў з выбаршчыкамі і перадвыбарчых сходаў у Быхаўскім раёне вызначаны памяшканні Цэнтра культуры, народнай твочасці і рамёслаў, актавы зал ДУДА “Быхаўскі райнны цэнтр дзіцячай творчасці”, актавыя залы арганізацый і цэлы шэраг устаноў культуры і адукацыі на тэрыторыі раёна. Агітацыйныя матэрыялы прыхільнікі кандыдатаў змогуць размяшчаць на інфармацыйных стэндах памяшканняў, дзе знаходзяцца ўчастковыя выбарчыя камісіі, на інфармацыйных стэндах арганізацый, устаноў культуры, адукацыі, аховы здароўя, гандлёвых аб’ектаў, адміністрацыйных будынкаў сельсаветаў, а таксама на спецыяльна абсталяваных дошках аб’яў, усталяваных у населеных пунктах Быхаўскага раёна.
Кандыдаты ў прэзідэнты і іх давераныя асобы змогуць арганізоўваць масавыя мерапрыемствы на цэлым шэрагу плошчаў і пляцовак як у самім Быхаве, так і ў большасці населеных пунктаў Быхаўскага раёна, бо для гэтага вызначаны ўсе пляцоўкі перад будынкамі сельскіх устаноў культуры і будынкамі магазінаў, размешчаных у сельскай мясцовасці.
Быхаўскія дэмакрытычныя актывісты звязваюць такое ліберальнае стаўленне мясцовых уладаў да стварэння добрых умоў для вядзення перадвыбарчай агітацыі з тым, што пакуль ніякай актыўнасці з боку альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзідэнты ў Быхаўскім раёне не назіраецца. Пакуль нябачна вялікай цікаўнасці да маючых адбыцца ўжо ў хуткім часе выбараў прэзідэнта РБ і з боку мясцовага насельніцтва.