Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Да пачатку галасавання засталося:

Мікалай Статкевіч намераны выкарыстоўваць магчымасці агітацыйнай кампаніі

Мікалай Статкевіч на пікеце 10 верасня.
Мікалай Статкевіч на пікеце 10 верасня.

На несанкцыянаваным пікеце “За сумленныя свабодныя выбары”, арганізаваным сёння каля ГУМа ў Мінску, былы палітвязень Мікалай Статкевіч паабяцаў у бліжэйшыя тыдні запрасіць прэзідэнта Аляксадра Лукашэнка на сустрэчу і параўнаў сябе з танкам.

Палітык назваў пікет мірнай акцыяй і паабяцаў скарыстаць па поўнай магчымасці агітацыйнай кампаніі да самага 10 кастрычніка. “Я хачу, каб мая краіна была нармальнай. Я гэта раблю найперш для сябе, каб захаваць сваю годнасць. Нават калі б я стаяў тут адзін, я б стаяў”.

У размове з журналістамі неактыўнасць сілавых структур у дачыненні да мерапрыемства ён патлумачыў адсутнасцю грошай:

– На дыктатуру няма грошай. Магчыма, потым будуць усякія таемныя гадасці. Раней бы прыйшлі з дубінкамі і прачасалі ўсіх, а зараз пянёнзы скончыліся. Думаю, што калі мы прымусім улады адкруціць гайкі на два абароты, яны закруцяць максімум на адзін. Трэба, каб было як мага больш свабоды прасторавай і ў галовах, тады закручваць будзе цяжэй.

Пра размову з міліцыяй і састаўленне пратаколу падчас акцыі Статкевіч аджартаваўся:

– Нейкі хлопчык нешта ад мяне хацеў, нешта пісаў. Пад мяне, пад танк Статкевіча, заўсёды, нават у зоне, кідалі толькі лейтэнантаў, бо астатнія разумныя і пад танк не ідуць.

Былы палітвязень выказаўся і адносна свайго ўдзелу ў наступных выбарах:

– Я вельмі баюся, што ў нас сітуацыя зменіцца без выбараў. Калі кацёл, што заварылі ўжо зараз, выбухне страхам, гэта будзе жахліва, і беларусы самі сабе здзівяцца. Да наступных выбараў трэба дажыць, але думаю, што, магчыма, у наступныя гады сітуацыя пачне радыкальна мяняцца.

Мікалай Статкевіч падкрэсліў, што даты 11 кастрычніка для яго не існуе, бо выбараў у краіне няма. Нават слова “байкот” ён не хацеў бы ўжываць, бо гэта б зачыла прызнанне існавання выбараў, а яны ўжо адбыліся.

– Нават пры несумленных выбарах удзел лепш, чым няўдзел, калі б быў сумленны цвёрды кандыдат. Быў бы ім Лябедзька на гэтых выбарах, я б заклікаў яго не здымацца, каб назіральнікі даказалі, што бюлетэні не лічаць, заклікаў бы збіраць людзей на плошчы з патрабаваннем прызнаць яго перамогу. Але гэтага няма, і застаецца толькі дараваць тым, хто зараз балатуецца.

Выказаў палітык і сваё бачанне таго, што будзе далей:

– Далей будзе Беларусь і наша адказнасць за яе. Мы стаім на гэтай зямлі і будзем на ёй стаяць, і нікому не аддамо яе. Відаць, што на пікет прыйшлі сумленныя мужныя людзі. Мы будзем збірацца і разам выпрацоўваць нашу стратэгію на наступную кампанію. На сустрэчу будзем запрашаць Лукашэнку ў бліжэйшыя тыдні, астатнія кандыдаты мне нецікавыя. Калі ён не прыйдзе, будзем зноў запрашаць. Я ўсё сам арганізую.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары