Гомельская абласная камісія -- за «фарміраванне канструктыўных узаемаадносін і супрацоўніцтва з назіральнікамі»
Назіральнік з Мазыра Уладзімір Целяпун атрымаў адказ з Гомельскай абласной выбарчай камісі на сваю скаргу. У заяве ён нагадваў пра адкрытасць і галоснасць выбарчага працэсу, якія гарантуе заканадаўства, і звяртаў увагу, што яму Мазырская РВК не дала ні азнаёміцца з падпіснымі лістамі за кандыдатаў у прэзідэнты Сяргея Гайдукевіча і Мікалая Улаховіча, ні прысутнічаць на працэдуры праверкі падпісных аркушаў.
Старшыня Гомельскай абласной камісіі Мікалай Стош адказаў назіральніку, што яго правы прапісаны ў Выбарчым кодэксе, РВК ж дзейнічала законна. «У задавальненні скаргі адказаць, таму што патрабаванні выходзяць за межы паўнамоцтваў назіральніка», - гаворыцца ў адказе.
Таксама старшыня абласной камісіі адзначыў у лісце, што «раённая камісія не мае права змяніць ці пашырыць правы назіральнікаў», і «абласной камісіяй была звернута ўвага старшыні Мазырскай РВК Ігара Баранава на фарміраванне канструктыўных узаемаадносін і супрацоўніцтва з назіральнікамі».
Назіральнік звяртаўся са скаргай і ў пракуратуру Мазырскага раёна. Але і пракуратура не можа дапамагчы назіральніку азнаёміцца з падпіснымі лістамі. «Мая заява разгледжана не па сутнасці. Парушана права на адкрытасць і галоснасць выбарчага працэсу. Такая ўпартасць з боку Мазырскай РВК, Гомельскай абласной ВК ёсць падставаю меркаваць, што ў гэтых падпісных аркушах ёсць і мой фальсіфікаваны подпіс. А гэта ўжо наўпрост закранае мае асабістыя правы і законныя інтарэсы. Шкада, што Канстытуцыя – не ўказ для чыноўнікаў», - пракаментаваў Уладзімір Целяпун.
Ён звяртае ўвагу, што Мазырская РВК адмовіла яму, Гомельская абласная камісія пацвердзіла адсутнасць адкрытасці і галоснасці выбарчага працэсу, пракуратура адхрысцілася. Яшчэ назіральнік звяртаўся ў КДБ. «Засталося дачакацца адказу з КДБ. А можа яны адразу прыйдуць да мяне з ператрусам і канфіскацыяй, як гэта было пасля 19 снежня 2010 года?», - не выключае суразмоўца.