Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Да пачатку галасавання засталося:

Крычаўскі райвыканкам адправіў кандыдатаў на стадыён

Крычаўскі райвыканкам 7 верасня прыняў рашэнне №22-5 “Аб інфармацыйным забеспячэнні і стварэнні ўмоў для перадвыбарчай агітацыі кандыдатаў у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, якое 9 верасня было апублікаванае на інтэрнэт-сайце раённай газеты “Крычаўскае жыццё”.

Чыноўнікі з райвыканкама вызначылі адзіным месцам у Крычаўскім раёне для правядзення ў паведамляльным парадку масавых мерапрыемстваў (сходаў па-за памяшканнямі, мітынгаў, пікетавання), арганізуемых кандыдатамі на пасаду прэзідэнта РБ, іх даверанымі асобамі ў мэтах перадвыбарчай агітацыі, стадыён “Сож” у горадзе Крычаве.

У якасці памяшканняў для сустрэч кандыдатаў з выбаршчыкамі і перадвыбарчых сходаў ў Крычаўскім раёне вызначаны раённы Цэнтр культуры, актавыя залы арганізацый, Дамы культуры і клубы, памяшканні сельскіх выканаўчых камітэтаў.

Райвыканкам вызначыў у якасці месцаў для размяшчэння агітацыйных матэрыялаў кандыдатаў інфармацыйныя стэнды, размешчаныя ў памяшканнях для галасавання, раённага і сельскіх выканаўчых камітэтаў, прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў раёна, у гандлёвых аб’ектах.

Асобным пунктам рашэння Крычаўскі райвыканкам забараніў размяшчэнне агітацыйных друкаваных матэрыялаў у іншых, не адведзеных для гэтага, месцах. Гэта азначае, што размяшчэнне якой-небудзь агітацыйнай прадукцыі за кандыдатаў у прэзідэнты на вуліцах горада па-за памяшканнямі ў Крычаве фактычна забаронена.

Назіральнік ад БХК у Крычаўскай раённай камісіі Сяргей Няроўны адзначае, што, прыняўшы гэтае рашэнне, крычаўскія ўлады адмовіліся ад якой-небудзь лібералізацыі выбарчага працэса. Па словах Сяргея Няроўнага, крычаўскія чыноўнікі выдатна ведаюць, што Аляксандр Лукашэнка ў Крычаў не прыедзе, таму і адправілі іншых кандыдатаў у прэзідэнты агітаваць і ладзіць пікеты на стадыён “Сож”, які знаходзіцца ў пэўным аддаленні ад цэнтру горада і на якім бывае няшмат людзей. Назіральнік кажа, што стадыён “Сож” традыцыйна вызначаецца райвыканкама падчас выбарчых кампаній месцам для правядзення масавых мерапрыемстваў, бо эфектыўнасць іх правядзення ў гэтым малалюдным месцы вельмі нізкая. Падчас парламенцкіх выбараў 2012 года на стадыёне “Сож” ладзіў пікет тагачасны кандыдат у дэпутаты Валерый Каранкевіч (на фота), аднак яго змаглі пабачыць літаральна некалькі чалавек, бо людзі там у звычайныя дні амаль не ходзяць.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары