Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Да пачатку галасавання засталося:

У Мінску вызначылі месцы для перадвыбарнай агітацыі

Фота belta.by
Фота belta.by

Мінгарвыканкам вызначыў месцы для перадвыбарнай агітацыі, а таксама пералік памяшканняў для правядзення сустрэч кандыдатаў у Прэзідэнты з выбаршчыкамі і пералік месцаў для ўстаноўкі інфармацыйных стэндаў з мэтай размяшчэння на іх агітацыйных друкаваных матэрыялаў пра кандыдатаў.

Як і падчас выбарчай кампаніі 2010 года, масавыя мерапрыемствы для ажыццяўлення перадвыбарнай агітацыі вызначана праводзіць у любых прыдатных для гэтых мэт месцах на тэрыторыі Мінска, за выключэннем:

  • аб'ектаў метрапалітэна, чыгуначнага і паветранага транспарту, падземных пешаходных пераходаў, мастоў і пуцеправодаў, праезнай часткі аўтамабільных дарог;
  • Кастрычніцкай плошчы, плошчы Незалежнасці, плошчы Перамогі, плошчы Якуба Коласа;
  • размешчаных на адлегласці менш як 200 м ад будынкаў рэзідэнцый Прэзідэнта, Нацыянальнага сходу, Савета Міністраў;
  • размешчаных на адлегласці менш як 50 м ад будынкаў рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, мясцовых прадстаўнічых, выканаўчых і распарадчых органаў, дыпламатычных прадстаўніцтваў і консульскіх устаноў, судоў, органаў пракуратуры, тэрыторый арганізацый, якія забяспечваюць абараназдольнасць і бяспеку дзяржавы, дзіцячых дашкольных устаноў.

Да забароненных месцаў у гэтым годзе дадаліся плошча Дзяржаўнага сцяга і Прывакзальнай плошча.

У гэтым годзе са спісу былі выключаныя тэрыторыя тэлерадыёцэнтра, тэрыторыі арганізацый, што забяспечваюць жыццядзейнасць насельніцтва (грамадскі транспарт, прадпрыемствы вода-, цепла- і энергазабеспячэння, бальніцы, паліклінікі, агульнаадукацыйныя ўстановы, за выключэннем дзіцячых дашкольных ўстаноў), а таксама тэрыторыі ядзернай устаноўкi i (або) стацыянарных аб'ектаў і (або) збудаванняў, прызначаных для захоўвання ядзерных матэрыялаў, адпрацаваўшых ядзерных матэрыялаў і (або) эксплуатацыйных радыеактыўных адходаў, і ў іх санітарна-ахоўных зонах.

Пашырыўся і спіс месцаў для ўстаноўкі інфармацыйных стэндаў для размяшчэння на іх агітацыйных друкаваных матэрыялаў агулам на 22 аб’екты ў параўнанні з папярэдняй выбарчай кампаніяй (пазначаны паўтлустым шрыфтам у спісе).

Мінгарвыканкам сваім рашэннем дазваляе размяшчаць агітацыйныя матэрыялы і на інфармацыйных стэндах жыллёва-эксплуатацыйных арганізацый (у тым ліку на стэндах, размешчаных каля ўваходных груп пад'ездаў жылых дамоў), інтэрнатаў, устаноў аховы здароўя; на стэндах іншых арганізацый – з дазволу іх кіраўніка.

Аднак, забараняе размяшчэнне агітацыйных друкаваных матэрыялаў пра кандыдатаў у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь у не адведзеных для гэтых мэтаў месцах.

Як і раней, прымаць меры па недапушчэнні правядзення мерапрыемстваў па перадвыбарнай агітацыі і размяшчэння агітацыйных друкаваных матэрыялаў у не адведзеных для гэтых мэтаў месцах, а таксама забяспечваць ахову грамадскага парадку ў дазволеных месцах ўстаноўкі інфармацыйных стэндаў і на мерапрыемствах давядзецца ГУУС Мінгарвыканкама.


Каментары