У Жодзіна ўмовы для агітацыі пагоршыліся
Пагаршэнне умоваў для перадвыбарнай агітацыі ў Жодзіне фіксуе незалежны назіральнік у гарадской выбарчай камісіі Аляксей Лапіцкі. Жодзінская ГВК 8 верасня правяла чарговае паседжанне, на якім разгледзела і адзінагалосна ўзгадніла прапановы Жодзіскага гарвыканкама па асноўных пытаннях маючай адбыцца агітацыйнай кампаніі.
Як паведамляе сайт licviny.info, камісія ўзгадніла рашэнні адносна месцаў для агітацыйных масавых мерапрыемстваў - мітынгаў, пікетаванняў, якія арганізуюцца кандыдатамі і іхнімі даверанымі асобамі, а таксама па месцах для размяшчэння агітацыйных друкаваных матэрыялаў і для сустрэч кандыдатаў з выбаршчыкамі ў закрытых памяшканнях.
На паседжанні прысутнічалі ўсе 13 сябраў камісіі і, акрамя незалежнага назіральніка, прыйшла прадстаўніца ад гарадской жаночай арганізацыі. У выніку камісія зацвердзіла 3 месцы ў горадзе для правядзення агітацыйных масавых мерапрыемстваў: галоўная сцэнічная пляцоўка каля ўваходу ў гарадскі парк і пляцоўка насупраць былога “Універсама “Цэнтральны” па вул. 50 год Кастрычніка, а таксама месца ля Цэнтру сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва па вул. Савецкай.
Такім чынам, у параўнанні з перыядам збору подпісаў гэтай жа выбарчай кампаніі, агітацыйны перыяд будзе праводзіцца ў значна пагоршаных умовах, бо агітацыйныя пікеты ў горадзе можна будзе праводзіць толькі ў 3-х месцах.
Камісія падтрымала і рашэнне аб размяшчэнні агітацыйных друкаваных матэрыялаў кандыдатаў “на гарадскіх дошках абвестак” і “інфармацыйных стэндах” у арганізацыях, крамах і г.д.