Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Да пачатку галасавання засталося:

Праваабаронцы сустрэліся з дэлегацыяй ПАСЕ

8 верасня ў офісе Прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Мінску абдылася сустрэча прадстаўнікоў праваабарончых арганізацыяў з дэлегацыяй Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ), у складзе якой у нашу краіну напярэдадні выбараў прыбыў дакладчык ПАСЕ па Беларусі Андрэа Рыгоні.

Візіт дэлегацыі ПАСЕ ў Беларусь распачаўся 7 верасня з мэтай ацэнкі перадвыбарнай кампаніі і палітычнага клімату напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. У склад дэлегаці на чале з турэцкім дэпутатам Рэа Дэнемечам увайшлі Ёнас Гунарсан (Швецыя), Марылуіза Бек і Андрэй Хунка (Германія), Роберт Ніл (Вялікабрытанія), Арпінэ Аванісян (Арменія) і дакладчык па Беларусі Камісіі па палітычных пытаннях і дэмакратыі ПАСЕ Андрэа Рыгоні (Італія). Праваабарончыя няўрадавыя арганізацыі на сустрэчы прадстаўлялі Валянцін Стэфановіч (ПЦ “Вясна”), Алег Гулак (БХК), Андрэй Бастунец (БАЖ) і Міхаіл Мацкевіч (Lawtrend).

Як паведаміў намеснік старшыні ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч, праваабаронцы праінфармавалі прадстаўнікоў дэлегацыі ПАСЕ пра ход выбарчай кампаніі і бягучую сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі ў дадзеным кантэксце.   

“Я распавёў пра тыя этапы выбарчай кампаніі, якія ўжо завяршыліся, - фармаванне тэрытарыяльных, участковых выбарчых камісіяў і збор подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты. Таксама закрануў праблемныя моманты, звязаныя з працэдурай падліку галасоў, акцэнтаваўшы ўвагу на тым, што прапановы праваабаронцаў не былі задаволеныя старшынёй Цэнтрвыбаркаму Ярмошынай. У прыватнасці, нашыя калегі з БХК адносна падліку галасоў прапаноўвалі выдаваць завераныя копіі пратаколаў і публікаваць на сайце ЦВК выніковую інфармацыю па кожным выбарчым участку Беларусі”, - распавёў Валянцін Стэфановіч.

Ён перадаў сябрам дэлегацыі аналітычныя справаздачы, падрыхтаваныя па выніках незалежнага назірання ў межах кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”.

“Кантэкст размовы быў больш шырокі – абмяркоўвалася перадвыбарная сітуацыя ў краіне агулам. Мы распавялі і пра апошнія падзеі – затрыманне кандыдата на пасаду прэзідэнта на выбарах 2010 года Алеся Міхалевіча, які вырашыў вярнуцца ў краіну”, - падкрэсліў праваабаронца.

Візіт дэлегацыі ПАСЕ ў Беларусь працягнецца да 10 верасня. У кастрычніку місія ПАСЕ прыбудзе ў Беларусь для назірання за выбарамі прэзідэнта непасрэдна ў дзень галасавання, 11 кастрычніка.


Каментары