Месцы для агітацыі на Віцебшчыне – аўтастаянка, дзіцячы парк і склад райпо
На сайтах пяці райвыканкамаў вобласці з'явіліся рашэнні пра вызначэнне месцаў для агітацыйных масавых мерапрыемстваў, для размяшчэння візуальных агітацыйных матэрыялаў і для сустрэч з кандыдатамі.
Заўважна, што ў саміх райцэнтрах няшмат пляцовак, вызначаных пад агітацыйныя пікеты. Напрыклад, у Гарадку такая пляцоўка ўсяго адна – гэта дзіцячы парк па вуліцы Чырвонаармейскай. У невялікім райцэнтры Шуміліне месцаў для вулічнай агітацыі вызначана 3, а ў значна большым Лепелі, які мае статус горада – усяго 4. У тым ліку аўтамабільная стаянка каля "Беларусьбанку", дзе правядзенне пікета выглядае досыць праблематычным з улікам транспартнага руху.
У Чашніках таксама вызначаны 3 пляцоўкі для арганізацыі агітацыйных пікетаў, сярод іх – плошча Свабоды. Пакуль больш ніводзін выканкам не дазволіў праводзіць агітацыю на цэнтральнай плошчы. Больш таго: у Дуброўне ладзіць пікеты прапануюць у зусім малапапулярных месцах : акрамя пляцоўкі каля крамы "Дабраном", выбаршчыкам прапанавана знаёміцца з кандыдатамі на пляцоўцы паміж дамамі № 62 па вуліцы Нікандравай і № 23 па вуліцы Крупскай і каля склада Дубровенскага райпо.
Што да месцаў, дзе прапанавана ладзіць сустрэчы з кандыдатамі, то ў Шуміліне такіх 5, у тым ліку дом культуры і школа №2. У Лепелі прыняць кандыдатаў гатовыя 5 установаў адукацыі і 2 установы культуры. У Гарадку для перадвыбарчых сустрэч вызначана тры месцы – актавыя залы дома культуры, сельскагаспадарчага каледжа і птушкафабрыкі. А ў Дуброўне для сустрэч з тым, хто змагаецца за права стаць першай асобай краіны, прызначылі ўсяго ўсяго дзве залы – у цэнтры народнай творчасці і ў сярэдняй школе №2.
У Чашніках сустрэчы рэкамендавана праводзіць у двух дамах культуры, а таксама ў зале пасяджанняў мясцовага аддзялення Дэпартамента аховы. У яшчэ больш афіцыйнай абстаноўцы прапанавана сустракацца з кандыдатамі жыхарам Навалукамля – горада энэргетыкаў на тэрыторыі Чашніцкага раёну. Тут выбаршчыкаў запрасілі ў залю пасяджэнняў Навалукамльскага гарвыканкаму.