Бялыніцкія ўлады адправілі кандыдатаў агітаваць у Ліпавы гай
На сайце Бялыніцкага райвыканкама з’явілася рашэнне №25-8 ад 4 верасня 2015 г. “Аб стварэнні ўмоў для правядзення перадвыбарчай агітацыі кандыдатаў у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь”.
Агітацыйныя матэрыялы кандыдаты ў дэпутаты змогуць размяшчаць у памяшканнях, дзе знаходзяцца ўчастковыя камісіі (да правяддзення датэрміновага галасавання), на інфармацыйных стэндах у памяшканнях адміністрацыйных будынкаў сельскіх Саветаў дэпутатаў, крам, устаноў культуры і адукацыі, арганізацый раёна. Па незразумелых прычынах Бялыніцкі райвыканкам не дазволіў размяшчэнне агітацыйных друкаваных матэрыялаў на інфармацыйных стэндах, дошках аб’яў каля шматкватэрных жылых дамоў, дзе пра кандыдатаў у прэзідэнты РБ і іх праграмы змаглі б прачытаць нашмат больш людзей.
Згодна райвыканкамаўскага рашэння таксама вызначаны месцы для правядзення сустрэч кандыдатаў на пасаду прэзідэнта з выбаршчыкамі на тэрыторыі Бялыніцкага раёна. У гарадскім пасёлку Бялынічы такім месцам будзе раённы Цэнтр культуры, на тэрыторыі сельскіх саветаў раёна – памяшканні мясцовых клубаў і дамоў культуры.
Адзінае і вельмі цікавае месца вызначылі бялыніцкія ўлады для правядзення ў апавяшчальным парадку масавых мерапрыемстваў (сходаў па за памяшканнямі, пікетавання, мітынгаў), якія арганізуюцца кандыдатамі на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і іх даверанымі асобамі на тэрыторыі Бялыніцкага раёна. Гэтым месцам стала пляцоўка перад сцэнай у Ліпавым гаі г. п. Бялынічы, дзе ў звычайны дні людзей пабачыць даволі цяжка. Праводзіць масавыя мерапрыемства ў гэтым месцы кандыдатам не мае абсалютна ніякага сэнсу, бо звычайна ў Ліпавы гай людзі прыходзяць толькі на канцэрты альбо на святкаванне нейкіх гарадскіх святаў. У параўнанні з прэзідэнцкімі выбарамі 2010 года ўмовы для правядзення агітацыйных пікетаў таксама рэзка пагоршыліся, бо тады іх правядзенне было дазволена ў значна большай колькасці месцаў, іх можна было праводзіць практычна па ўсім гарадскім пасёлку.
Мясцовыя дэмакратычныя актывісты лічаць, што рашэнне Бялыніцкага райвыканкама скіраванае на тое, каб стварыць цяжкасці ў працы для каманды Таццяны Караткевіч. Таццяна Караткевіч – адзіная з прэтэндэнтаў у кандыдаты, якая падчас перадвыбарчай кампаніі двойчы наведвала Бялыніцкі раён. У Бялынічах жыве і працуе прадпрымальнік Алег Мяцеліца, які з’яўляецца намеснікам старшыні кампаніі “Гавары праўду” і, верагодна, будзе даверанай асобай Таццяны Караткевіч у выпадку яе рэгістрацыі кандыдатам.
Райвыканкам таксама вызначыў, што ўсе перадвыбарчыя мерапрыемствы кандыдатаў у прэзідэнты РБ і іх давераных асоб будуць праводзіцца “ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь”.
Кантроль за выкананнем райвыканкамаўскага рашэння ўскладзены на намесніка старшыні Бялыніцкага райвыканкама па ідэалогіі Андрэя Ганчука.