У Мінск прыбывае дэлегацыя ПАСЕ
7 верасня пачынаецца візіт у Беларусь дэлегацыі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ).
Паводле інфармацыі прэс-службы ПАСЕ, мэтай візіту з'яўляецца ацэнка перадвыбарнай кампаніі і палітычнага клімату напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў.
Дэлегацыю ў складзе пяці членаў асамблеі ўзначаліць турэцкі дэпутат Рэа Дэнемеч. У яе склад таксама ўваходзяць дэпутаты Ёнас Гунарсан (Швецыя), Марылуіза Бек (Германія), Андрэй Гунько (Германія) і Андрэа Рыгоні (Італія).
Раней меркавалася, што ў склад дэлегацыі ўвойдуць шэсць членаў ПАСЕ і ўзначаліць яе армянскі дэпутат Арпінэ Хаванісян. Аднак, як паведамілі БелаПАН у прэс-службе ПАСЕ, 4 верасня Хаванісян была прызначаная міністрам юстыцыі Арменіі, у сувязі з чым фармат дэлегацыі прыйшлося адкарэктаваць.
На 8—9 верасня запланаваныя сустрэчы дэлегацыі ПАСЕ са старшынямі абедзвюх палат Нацыянальнага сходу, міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем і старшынёй Цэнтрвыбаркама Лідзіяй Ярмошынай. Члены ПАСЕ таксама сустрэнуцца з асноўнымі ўдзельнікамі прэзідэнцкай выбарчай кампаніі ці іх прадстаўнікамі, лідарамі апазіцыі, кіраўніком Белтэлерадыёкампаніі, прадстаўнікамі СМІ, няўрадавых арганізацый і дыпламатычнага корпуса.
Візіт прадстаўнікоў Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы працягнецца па 10 верасня, а праз месяц дэлегацыя ПАСЕ ў складзе 11 чалавек вернецца ў Беларусь, каб назіраць за выбарамі непасрэдна ў дзень галасавання, 11 кастрычніка.