Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Да пачатку галасавання засталося:

Пракуратура Гродзенскай вобласці прызнала факт парушэння выбарчага заканадаўства чыноўнікамі аблвыканкаму (дакумент)

   Гродзенскі праваабаронца Раман Юргель атрымаў адказ на свой зварот, накіраваны ў Генеральную пракуратуру. Яна пераслала заяву Юргеля ў Гродзенскую абласную пракуратуру, менавіта адтуль за подпісам намесніцы пракурора вобласці Святланы Рахман прыйшоў афіцыйны ліст.

   Абласная пракуратура інфармуе праваабаронцу, што сапраўды ўстаноўлены факт парушэння галоўным упраўленнем ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкаму пры разглядзе звароту – парушаны тэрмін, устаноўлены артыкулам 49-1 Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусь для дадзенага віду зваротаў.

Пракуратура адзначае, што прыняты меры рэагавання, праўда не паведамляе: якія і ў дачыненні да якіх службовых асоб.

   Нагадаем, што 18 ліпеня Раман Юргель накіраваў заказным лістом заяву ў Гродзенскую абласную пракуратуру. Назіральнік звяртаў увагу на тое, што ў адведзены тэрмін – не пазней 17 ліпеня 2015 года органы выканаўчай улады павінны былі вызначыць месцы, якія забароненыя для правядзення пікетавання з мэтай збору подпісаў, з абавязковай публікацыяй адпаведнай інфармацыі на сайтах органаў выканаўчай улады. Аднак не ўсе выканкамы апублікавалі на сваіх афіцыйных інтэрнэт-старонках адпаведныя рашэнні. Пракуратура ж Гродзенскай вобласці чамусьці не кіравалася артыкулам 49 (1) Выбарчага кодэксу і пераслала заяву Юргеля ў Гродзенскі аблвыканкам. Адтуль Раман Юргель атрымаў афіцыйны адказ не праз 3 дні, а ажно праз 16 дзён. Адказ быў падпісаны начальнікам галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы Паўлам Скрабко.

“Праваабаронцы за свабодня выбары”


Каментары