Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Да пачатку галасавання засталося:

Драгічын: мясцовыя ўлады афіцыйна падзялілі назіральнікаў на “канструктыўных” і “апазіцыйных” (скрын і дакумент)

На інтэрнэт-старонцы Драгічынскага райвыканкама змешчана інфармацыя пра вылучаных назіральнікаў у выбарчыя камісіі, створаныя ў раённым цэнтры.

Гэтыя звесткі сведчаць, што у раённую выбарчую камісію вылучаны ў якасці назіральнікаў 4 асобы, а ва ўчастковыя камісіі – 28. Але самае цікавае, што з адпаведнай табліцы вынікае, што ўлады ўжо афіцыйна ужываюць тэрмін “канструктыўныя” і “апазіцыйныя” палітычныя партыі, грамадскія аб’яднанні і працоўныя калектывы. Падзелены нават грамадзяне, якія вылучаюць назіральнікаў шляхам падачы заяў.

Так, да “канструктыўных” партый аднесены Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя (вылучыла ў якасці назіральнікаў 4 асобы), Рэспубліканская партыя (4), Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці (3). Камуністычная партыя Беларусі (1), а таксама Беларуская аграрная партыя і Беларуская патрыятычная партыя, якія назіральнікаў не вылучалі.

У спіс “апазіцыйных” трапілі Партыя БНФ, Кансерватыўна-Хрысціянская Партыя-БНФ, Партыя “Беларуская сацыал-дэмакратычная Грамада” (БСДГ), Аб’яднаная грамадзянская партыя, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) (БСДП (Г)), Беларуская партыя левых “Справядлівы свет”, Ліберальна-дэмакратычная партыя. Калі верыць звесткам драгічынскіх уладаў, ніводная з іх на сёлетніх выбарах не вылучала сваіх прадстаўнікоў у назіральнікі.

“Канструктыўнымі” грамадскімі аб’яднаннямі пазначаны: Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, РАА “Белая Русь”, Беларускі саюз жанчын (усе яны вылучылі па аднаму назіральніку ў раённы выбаркам), Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі і Беларускае аб’яднанне ветэранаў (вылучылі па пяць назіральнікаў ва ўчастковыя выбарчыя камісіі), а таксама Беларускі саюз афіцэраў.

Пералік “апазіцыйных” грамадскіх арганізацый і працоўных калектываў не прыведзены, аднак адпаведная графа ў складзеным Драгічынскім райвыканкмам спісе існуе. З яго вынікае, што “канструктыўныя” працоўныя калектывы раёна вылучылі 5 назіральнікаў у выбарчыя камісіі розных узроўняў), а яшчэ две асобы вылучаныя ад дэпутатаў мясцовых саветаў.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары