Магілёўская абласная выбарчая камісія прызнала, што подпісы за Лукашэнку збіраліся на прадпрыемствах горада
Пра гэта паведамляе ў сваім адказе Аляксею Паўлоўскаму старшыня гэтай камісіі Валеры Берастаў. Аднак у адказе пазначана, што подпісы на прадпрыемствах збіраліся не ў працоўны час, без прымусу і членамі ініцыятыўнай групы Аляксандра Лукашэнкі.
Каментуе Аляксей Паўлоўскі:
- Адказ старшыні Магілёўскай абласной камісіі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Валерыя Берастава вельмі цікавы. Па-першае ён пацвердзіў той факт, што збор подпісаў усё ж адбываўся на магілёўскіх прадпрыемствах, а па-другое, што гэта рабілася нібы членамі ініцыятыўнай групы Аляксандра Лукашэнкі. У сувязі з гэтым узнікае два пытанні: што робяць рабочыя ў непрацоўны час на заводзе? І чаму за іншых прэтэндэнтаў у прэзідэнты збіраць подпісы не дазвалялася? – абураецца Паўлоўскі.
У сувязі з гэтым ён напісаў скаргу ў Цэнтрвыбаркам, у якой просіць адклікаць сабраныя подпісы за Аляксандра Лукашэнку на прадпрыемствах Магілёва.
Нагадаем, што ў Магілёве праваабаронцы, а таксама зборшчыкі подпісаў, зафіксавалі дзясяткі выпадкаў, калі збор подпісаў за Аляксандра Лукашэнку здзяйсняўся на прадпрыемствах у працоўны час, пад прымусам і не членамі ініцыятыўнай групы дзеючага прэзідэнта.