Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Да пачатку галасавання засталося:

“Праваабаронцы за свабодныя выбары” прадставілі свае справаздачы місіі БДІПЧ АБСЕ

2 верасня адбылася першая сустрэча каардынатараў кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” з міжнароднай місіяй БДІПЧ АБСЕ па назіранні за выбарамі, якая распачала сваю працу ў Мінску.

Падчас сустрэчы Уладзімір Лабковіч і Алег Гулак абмяняліся думкамі з прадстаўнікамі місіі АБСЕ пра ход выбарчай кампаніі, прааналізавалі выбарчае заканадаўства Беларусі, паднімалі пытанні аб практыцы прымянення выбарчага заканадаўства. Акрамя таго, асаблівая ўвага надавалася непасрэдна самаму працэсу галасавання і магчымасці назіраць за ім, падлікам галасоў, судоваму абскарджванню выбарчых працэсаў.

Таксама міжнародным назіральнікам былі прадстаўленыя справаздачы, якія падрыхтавалі праваабаронцы па тых этапах выбарчай кампаніі, якія ўжо прайшлі. Была абмеркаваная і будучая ў хуткім часе рэгістрацыі кандыдатаў у прэзідэнты.

Па выніку сустрэчы, было дамоўлена аб працягу шчыльнай супрацы паміж нацыянальнымі незалежнымі назіральнікамі і міжнароднымі назіральнікамі, якая дазволіць прадстаўнікам з АБСЕ лепш разумець сітуацыю, у якой ім прыходзіцца працаваць.

“Нам, як назіральнікам унутры краіны, прасцей заўважаць нюансы кампаніі, якія могуць быць незаўважныя людзям, што толькі што прыехалі працаваць. І мы вельмі вітаем тое, што ў БДІПЧ АБСЕ склалася практыка такога кантактавання з мясцовымі незалежнымі назіральнікамі.

Мы вельмі высока ацэньваем нашае супольнае партнёрства і лічым, што ў нашых дзвюх місій аднолькавыя мэты і задачы, і таму вось такія супольныя кансультацыі даюць магчымасць прыйсці да лепшага выніку ў нашай працы”, - адзначыў У. Лабковіч.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары