Мазырская РВК дала назіральніку адказ «па істоце» пра «верагоднасць» подпісаў (дакумент)
Назіральнік Уладзімір Целяпун атрымаў адказ на свой зварот у Мазырскую раённую выбарчую камісію. Заяўнік скардзіўся на адмову азнаёміцца з подпісамі за магчымых кандыдатаў у прэзідэнты, здадзенымі ў раённую камісію. 1 верасня з РВК ён атрымаў адказ на свой зварот.
Па сутнасці ў адказе напісана мала, не лічачы спасылак на Выбарчы кодэкс, правы і абавязкі раённай камісіі і назіральнікаў. Але мова адказу пакідае шмат пытанняў. Напрыклад, дакумент змяшчае такія выразы, як «... раённая камісія на ваш зварот па пытанню адмаўлення ў адкрытасці і гласнасці», «Вам даны адказы», «праверка верагоднасці дадзеных, змешчаных у падпісных лістах». Верагодна, намеснік раённай камісіі Вераніка Байкова не валодае дзяржаўнай беларускай мовай, калі афіцыйны адказ дадзены са шматлікімі памылкамі. У адказе намесніка камісіі непаразуменне выклікаюць такія выразы, як «Ваш зварот быў разгледжаны пры Вашай наяўнасці» (можа, мелася на ўвазе прысутнасць?) і «адказ на зварот або пакіданне зварота без разгляду па істоце» (па сутнасці?).
Уладзімір Целяпун неаднаразова на розных узроўнях ставіў пытанне пра тое, што мазырскія чыноўнікі не ведаюць роднай мовы, чым парушаюць заканадаўства.
Так, у лютым праваабаронца сустракаўся з дэпутатам ПП НС Мікалаем Расохам. «Высветлілася, што дэпутат вышэйшага заканадаўчага органа не можа наўпрост весці дыялог, размову на дзяржаўнай беларускай мове. Ён выказаўся, што хоць на пісьмовыя звароты і даюцца адказы на беларускай мове, але пры размове закон аб дзяржаўнай службе такой нормы не прадугледжвае. Вось пазіцыя асобнага «народнага выбранніка», - адзначаў па выніках размовы Уладзімір Целяпун. Зараз жа выявілася, што не толькі ў размове, але і на паперы чыноўнікі не могуць пісьменна адказаць на беларускай мове.
Таксама яшчэ на пачатку года праваабаронца заклікаў мясцовых кіраўнікоў прыняць усе меры для рэальнага забеспячэння права грамадзян на родную мову. Ён нагадваў чыноўнікам, што валоданне беларускай мовай з’яўляецца адным з абавязковых кваліфікацыйных патрабаванняў паступлення на дзяржаўную службу (падпункт 1.3 часткі 1 арт. 26 Закона «Аб дзяржаўнай службе ў Рэспубліцы Беларусь»). Але чыноўнікі не толькі абыякава паставіліся да закліку і законнага патрабавання грамадзяніна забяспечыць рэалізацыю яго правоў, але і наогул развучыліся некалькі сказаў напісаць на роднай мове.