Несапраўдныя подпісы, сабраныя па Гродненскай вобласці за Віктара Цярэшчанку, перададуць у ЦВК
Сёння адбылося паседжанне Гродненскай абласной выбарчай камісіі, на якой 11 491 подпісаў за Віктара Цярэшчанку былі прызнаныя несапраўднымі.
Як адзначае назіральнік ад БХК Раман Юргель, на паседжанні былі зацверджаныя пратаколы тэрытарыяльных выбарчых камісій па праверцы даставернасці подпісаў выбаршчыкаў у падпісных лістах: 17 раённых камісій па Гродненскай вобласці і 2 камісіі з Гродна.
Старшыня выбарчай камісіі Кастрычніцкага раёна Гродна Уладзімір Хлябіч і старшыня Ленінскай раённай выбарчай камісіі Сяргей Сямашка далажылі на паседжанні пра тое, што была праведзеная праверка даставернасці подпісаў і подпісы за Віктара Цярэшчанку былі прызнаныя несапраўднымі. Пры праверцы праз аддзел па грамадзянству і міграцыі ў Гродна адзначалася, што ў падпісных лістах прозвішчы людзей не супадалі з адрасамі, подпісы не супадалі з прозвішчамі людзей. Усе пратаколы будуць перададзеныя ў Цэнтральную выбарчую камісію, дзе на працягу пяці дзён ЦВК прыме рашэнне па подпісам, у тым ліку і за В. Цярэшчанку, сабраным па горадзе Гродна.
Таксама на паседжанні прагучала тое, што збіралі подпісы за В. Цярэшчанку ўсяго некалькі чалавек, якія нібыта назбіралі гэтыя больш за 11 тысяч подпісаў.
“Акрамя таго, на працягу двух дзён журналісты з дзяржаўных тэлеканалаў "рваліся" на абласное паседжанне, хацелі ўзяць інтэрв’ю да яго пачатку ў старшыні абласной камісіі Валерыя Саўко, але ён, згодна з заканадаўствам, не меў права нічога казаць. І старшыня адзначаў, што пасля паседжання гатовы такое інтэрв’ю даць. Але вельмі дзіўна было, што журналісты з дзяржаўных тэлекампаній не прыйшлі на гэтае паседжанне, не ўзялі ніякіх інтэрв’ю пасля. Відаць, ім была дадзеная каманда не падымаць гэтае пытанне”, - мяркуе Р. Юргель.
У выніку паседжання па Гродзенскай вобласці былі зацверджаныя:
- за Сяргея Гайдуковіча – 7 260 подпісаў;
- за Таццяну Караткевіч – 5 706 подпісаў;
- за Аляксандра Лукашэнку – 222 652 подпісы
- і 11 491 подпісаў за Віктара Цярэшчанку былі прызнаныя несапраўднымі.
Выбракоўка па вобласці па астатнім кандыдатам склала невялікі адсотак.