У Бярозаўскім раёне прызнаны несапраўдным толькі адзін подпіс за Таццяну Караткевіч
Падчас паседжання раённай выбарчай камісіі 31 жніўня было разгледжана пытанне аб выніках праверкі падпісных лістоў і ўстанаўленні колькасці подпісаў выбаршчыкаў па Бярозаўскаму раёну, якія паставілі подпісы ў падтрымку вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты РБ.
Падчас пасяджэння высветлілася, што ў Бярозаўскім раёне былі здадзены подпісы за вылучэнне толькі Аляксандра Лукашэнкі і Таццяны Караткевіч. За Аляксандра Лукашэнку было сабрана 12 703 подпісы, за Таццяну Караткевіч -- 1 131. Было адабрана для праверкі 22 %, то бок за Лукашэнку – 2 794, за Караткевіч - 249.
Па словах вядучага паседжанне камісіі Аляксандра Крагеля, вялікіх пытанняў па недаставернасці подпісаў не ўзнікла. Несапраўдным быў прызнаны толькі адзін подпіс за Таццяну Караткевіч, дзе не быў запісаны хатні адрас. Не выключаліся подпісы выбаршчыкаў 1997 года нараджэння, дзе не былі пастаўлены даты. Званілі гэтым людзям, каб спраўдзіць, ці споўнілася ім 18 гадоў. Правяраліся подпісы і шляхам абзвону. Высветлілася, што некаторыя не памятаюць, за каго ставілі подпіс, але падцвярджалі, што ставілі.
У выніку за Аляксандра Лукашэнку ўсе подпісы былі прызнаны сапраўднымі, за Таццяну Караткевіч – 1 130.
Паводле праваабаронцы Сяржука Русецкага, дакладнасць вынікаў праверкі можна ставіць пад сумнеў, паколькі назіральнікам было адмоўлена ў просьбе прысутнічаць пры самой праверцы подпісаў.